У сацсетках з'яўляюцца фота і відэа з байцамі ВСУ ў цэнтры Купянска

10/09/2022 - 08:58
Украінскія вайскоўцы ў Купянску / Пётр Андрушчанка

Раніцай 10 верасня ў сацсетках з'яўляюцца фота і відэа з байцамі ВСУ ў цэнтры Купянска. Генштаб Украіны пакуль ніяк не каментуе тое, што адбываецца на акупаванай расіянамі гэтай частцы Харкаўскай вобласці.

Пра тое, што горад вызвалены, у сябе ў тг-канале піша дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка.

"Купянск вяртаецца дадому. Фота без лішніх слоў. Пакуль кожны марыўпалец марыць пра такое фота з дому. Верым у ВСУ. Ведаем ужо хутка…", — напісаў Андрушчанка пад здымкам, на якім байцы ВСУ трымаюць жоўта-сіні сцяг на фоне гарадской панарамы.

Інфармацыю пацвярджае і дарадца Кіраўніка абласной рады Харкаўскай вобласці Наталля Папова.

Купянск — трэці па велічыні горад у Харкаўскай вобласці і важны камунікатыўны вузел, па якім ішлі пастаўкі ваеннай тэхнікі і харчавання ў падкантрольны Расіі Ізюм. Калі Купянск будзе вернуты Украіне, гэта паставіць акупантаў у цяжкае становішча, паколькі ў гэтым выпадку іх групоўка фактычна апынецца ў аператыўным акружэнні ўкраінскіх войскаў.

"Расійскія сілы вакол Ізюма, верагодна, становяцца ўсё больш ізаляванымі. Украінскія часткі зараз пагражаюць Купянску; яго захоп быў бы значным ударам для Расіі, паколькі ён размешчаны на шляхах забеспячэння лініі фронту на Данбасе", — напярэдадні адзначала брытанская разведка.

ВСУ працягваюць контрнаступленне, якое пачалося 29 жніўня, вызваляючы ўкраінскія тэрыторыі адразу на некалькіх кірунках. На сённяшні дзень вядома аб вызваленні цэлага шэрага тэрыторый, агульнай плошчай больш за 2500 кв.м.

Байцы ВСУ ў цэнтры Купянска каля будынку Абласной рады / Дарадца Кіраўніка абласной рады Харкаўскай вобласці Наталля Папова

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі