У Расіі знойдуцца пакупнікі беларускіх аблігацый: грошы не пахнуць

30/06/2021 - 14:54
Мінфін плануе прыцягнуць 100 млрд расійскіх рублёў / Reuters

Мінфін Беларусі збіраецца размясціць у Расіі каштоўныя паперы на суму 100 млрд расійскіх рублёў. Эмісія дапаможа Мінску залатаць дзірку ў дэфіцытным бюджэце. Але ці не адмовяцца расійскія банкі мець справу з беларускім фінансавым сектарам, які апынуўся ў чэрвені пад санкцыямі Еўрасаюза?

Начальнік аналітычнага ўпраўлення банка БКФ (Масква) Максім Асадчы лічыць, што не адмовяцца. На расійскім рынку дастаткова грошай і гульцоў, каб купіць аблігацыі беларускага Мінфіна, а 100 млрд расійскіх рублёў — неістотны аб'ём.

Еўрарадыё пагутарыла з экспертам пра рызыкі і рэпутацыю, пра тое, чаму ўрад Беларусі разлічвае на дапамогу Газпрамбанка, але не ўключае ў спіс эмітэнтаў дружалюбны Ашчадбанк. І разабралася ў іншых асаблівасцях інтэграцыйнай эмісіі.

Міністэрства фінансаў / Еўрарадыё​

Расійскія банкі нешта купяць ці толькі дапамогуць прадаць?

Мінфін Беларусі плануе, што аказваць паслугі па арганізацыі эмісіі будуць 10 расійскіх банкаў. На думку эксперта, гаворка ідзе не столькі пра куплю банкамі аблігацый, колькі пра дапамогу ў працы на расійскім рынку.

— Яны выступяць у якасці маркет-мейкера [будуць захоўваць на сваіх рахунках паперы Мінфіна, каб арганізаваць іх продаж. — Еўрарадыё]. Гэта значыць, не абавязкова самі нешта купяць, хоць і гэта не выключана. Але будуць спрыяць прыцягненню інвестараў, паколькі гэта працэс досыць складаны. Трэба правесці перадпродажную падрыхтоўку, каб стрэл не стаўся халастым, — кажа Максім Асадчы.

Мінулым летам Беларусь прыцягнула ў Еўропе $1,25 млрд. 100 млрд расійскіх рублёў — гэта каля $1,34 млрд. Лічба супастаўная. Аб'ём — не крытычны для расійскага рынку.
 

Грошы не пахнуць

Расійскія рублі / Reuters

Эксперт лічыць, што тыя, хто захоча набыць беларускія аблігацыі, знойдуцца, нягледзячы на цяперашняе эканамічнае становішча Беларусі, на санкцыйныя і рэпутацыйныя рызыкі. Усё залежыць ад прапанаванай даходнасці.

— Грошы не пахнуць. Незалежна ад маральных аспектаў, калі прэмія за рызыку досыць высокая, інвестары знойдуцца. Расія — якраз той рынак, на якім Беларусь можа прыцягваць сродкі нягледзячы на санкцыі. У расійскіх інвестараў у адносінах да беларускай рызыкі ёсць пэўны імунітэт, — лічыць Асадчы.

Паводле ацэнак эксперта, стаўкі будуць прывабнымі, калі даходнасць па паперах Мінфіна Беларусі будзе каля 8,5-9% гадавых. Гэта нятаннае запазычанне. Але на што ні пагодзішся, калі грошы патрэбныя.

Для некаторых расійскіх банкаў санкцыйныя рызыкі не страшныя, таму што яны і так пад санкцыямі. У пастанове Саўміна "Аб заключэнні Пагаднення аб аказанні паслуг па арганізацыі эмісіі дзяржаўных аблігацый Рэспублікі Беларусь" ад 24 чэрвеня названы наступныя банкі: Газпрамбанк, БКС Банк, ВТБ Капітал, Маскоўскі крэдытны банк, Расійскі сельскагаспадарчы банк, Акцыянерны камерцыйны банк садзейнічання камерцыі і бізнесу, Саўкамбанк, Прамсувязьбанк, АК БАРС і Універ Капітал. З іх пад санкцыямі Еўрасаюза — група "ВТБ", у якую ўваходзіць ВТБ Капітал, а таксама Газпрамбанк і Рассельгасбанк.
 

Ашчадбанк — асцярожны, а Газпрамбанк абслугоўвае "Газпрам"

Кіраўнік Ашчадбанка Герман Грэф / Reuters

Эксперты звярнулі ўвагу, што ў спісе банкаў не знайшлося месца для Ашчадбанка. Хоць яго кіраўнік Герман Грэф у добрых адносінах з Аляксандрам Лукашэнкам, а Ашчадбанк рэалізуе ў Беларусі інфраструктурныя праекты.

Затое ў спісе ёсць Газпрамбанк. Нягледзячы на тое, што экс-кіраўніку Белгазпрамбанка Віктару Бабрыку пагражае да 15 гадоў турмы. Прысуд па "справе Белгазпрамбанка" будзе абвешчаны 6 ліпеня.

— Ашчадбанк — досыць асцярожны банк. З далучэння Крыма ўжо прайшло больш за сем гадоў, а Ашчадбанк так і не выйшаў у Крым. Газпрамбанк, у прыватнасці, абслугоўвае інтарэсы "Газпрама", які актыўна працуе ў Беларусі. Беларусь уваходзіць разам з Расіяй у Саюзную дзяржаву, і Масква працягвае шчодра крэдытаваць Мінск. Таму імавернасць дэфолту па беларускіх паперах пакуль не ўяўляецца істотнай, — заключае эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі