У Расіі прагназуюць спад беларускай эканомікі на 2-3%

23/01/2016 - 10:24

У Расіі прагназуюць спад беларускай эканомікі ў 2016 годзе на 2-3%. Але зніжэнне будзе не такое імклівае, як у 2015 годзе. Пра гэта пішуць у сваім даследаванні эксперты расійскага інстытута "Цэнтр развіцця" Вышэйшай школы эканомікі. Паўплываюць на гэты працэс найперш слабасць эканомік Расіі і Украіны, слабасць расійскага рубля.

Эксперты адзначаюць, што з-за нізкіх цэнаў на нафту "атрымліваць падтрымку ад Расіі стане ўсё больш складана". Нават залічэнне ў бюджэт пошлін ад экспарту нафтапрадуктаў істотна не выправіць сітуацыю, паколькі сума будзе значна меншая, чым у 2014 годзе (2,8 млрд долараў). Таксама звяртаецца ўвага на "напружаную" сітуацыю з золатавалютнымі рэзервамі Беларусі. Яна можа быць выпраўленая, дзякуючы фінансавай падтрымцы Кітая, калі апошні будзе зацікаўлены ў працягу супрацоўніцтва з Мінскам, адзначаецца ў даследаванні.

Расійскія эксперты не ацэньваюць шанцы Беларусі на атрыманне крэдыту ад МВФ. Яны толькі адзначаюць, што найбольш верагодным сцэнаром будзе атрыманне крэдыту ад ЕўрАзЭс. "Але нягледзячы на тое, што патрабаванні крэдыту менш жорсткія, чым з боку МВФ, яны таксама прадбачаць рэформы", — пішуць эксперты. Дарэчы, яны лічаць, што ўлады Беларусі ў такой сітуацыі павінны падтрымліваць індывідуальных прадпрымальнікаў, а не ствараць перашкоды ў іх дзейнасці.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі