Варшава / LookByMedia
У Калінінградскай вобласці на мяжы з Польшчай расійскія спецслужбы рыхтавалі правакацыю з вялікай колькасцю ахвяр. Яна павінна была адбыцца ў пачатку лістапада. Пра гэта пісала польскае выданне Rzeczpospolita.
Адстаўны польскі ваенны лётчык, удзельнік міратворчых місій ААН UNPROFOR і UNIKOM, выкладчык і ваенны аналітык Міхал Фішэр апісаў сцэнарый, які, на яго думку, рыхтавала Расія.
Еўрарадыё прыводзіць асноўныя тэзісы і высновы эксперта.
Дакладнай інфармацыі на гэтую тэму няшмат. Ёсць факты, прадстаўленыя выданнем Rzeczpospolita, якое, як сцвярджае Фішэр, "звычайна не піша глупстваў".
"У агульных рысах усё павінна было выглядаць наступным чынам: група расійскіх дыверсантаў павінна была пранікнуць на тэрыторыю Польшчы. Тут планавалася нейкая правакацыя.
Затым група павінна была такім чынам перасекчы мяжу з Расіяй, каб пра гэта стала вядома. Пасля гэтага дыверсанты павінны былі ўчыніць нешта на тэрыторыі Калінінградскай вобласці — узарваць нейкі аб’ект і выклікаць чалавечыя ахвяры.
У завяршэнне дадавалася, што аперацыя павінна была праводзіцца пад чужым сцягам, прычым выказвалася меркаванне, што яе маглі б ажыццявіць украінскія спецпадраздзяленні, скарыстаўшыся тэрыторыяй Польшчы і, верагодна, маўклівай згодай польскіх уладаў", — пераказвае вядомую са СМІ інфармацыю эксперт.
Польшчу папярэдзіла "саюзная выведка" праз каналы NATO. У адказ у пачатку лістапада на мяжы размясцілі значныя сілы. У адным месцы нават з’явіліся нейкія загадкавыя людзі з ліхтарыкамі.
Міхал Фішэр падкрэслівае, што "журналісты альбо падавалі інфармацыю ў духу “вось усё, што нам вядома”, альбо самі да канца не разумелі, у чым заключаўся план, навошта ўсё гэта задумвалася і да якіх наступстваў магло прывесці".
"На маю думку, гэта павінна было быць нешта накшталт нападу на радыёстанцыю ў Гляйвіцэ 31 жніўня 1939 года, які павінен быў стаць casus belli для нападу на Польшчу на наступны дзень.
Тады гэта было падставай для нападу, а цяпер мэтай павінна было стаць нешта іншае. Правакацыя павінна была спыніць польскую дапамогу Украіне пад ціскам масавых пратэстаў раз'юшаных палякаў. Без гэтай дапамогі Украіна пацярпела б паразу, і ўсе гэта разумеюць.
Таму, калі мы хочам трымаць расіян на адлегласці, ваенная і іншая дапамога Украіне павінна працягвацца. Інакш ужо нам давядзецца прасіць аб дапамозе.
Як гэтага дасягнуць? У Маскве прыдумалі хітры план.
Спецыяльная група павінна была пранікнуць у Польшчу. Не выключана, што яна складалася б з украінскіх сепаратыстаў з Данбаса, якія ваююць на баку Расіі. У любым выпадку, калі б іх затрымалі або застрэлілі ў Польшчы, яны павінны былі б аказацца ўкраінцамі.
У Польшчы павінна была адбыцца нейкая таемная аперацыя, але пасля яе павінны былі застацца трупы. Магчыма, якому-небудзь выпадковаму грамадзяніну перарэзалі б горла, а меркавана, у Польшчы павінна было застацца чыёсьці цела.
Мяркую, расіяне таксама планавалі пакінуць у Польшчы як мінімум адзін такі труп, прычым гэта абавязкова павінен быў быць вайсковец украінскага спецпадраздзялення. У іх ёсць пэўная колькасць украінцаў у палоне, так што ніякіх праблем.
Затым у Расіі павінны былі нешта не надта важнае ўзарваць — напрыклад, электрычную падстанцыю, якая пакінула б без святла мясцовых жыхароў, але не закранула б ваенныя базы.
Галоўнае, каб у грамадскай свядомасці гэта выглядала як напад на “крытычную інфраструктуру”.
Зразумела, у Расіі таксама павінны былі быць загінулыя, а групу павінны былі эвакуяваць. У якасці яе ўдзельнікаў, верагодна, паказалі б фатаграфіі ўкраінскіх ваеннапалонных з якога-небудзь падраздзялення накшталт “Кракена” або іншага фарміравання, захопленых на фронце ва Украіне.
Калі б усё прайшло менавіта так, эфект быў бы ашаламляльным. Адразу пасля аперацыі пачалася б інфармацыйная лавіна.
Актывізаваліся б не толькі тролі, але і расійская агентура ў Польшчы — гэта значыць некаторыя палітычныя групоўкі і асобныя СМІ, якія сімпатызуюць Расіі.
Яны паднялі б істэрычны крык: “Украіна хацела ўцягнуць нас у вайну, ды яшчэ і забіла польскіх вайскоўцаў!” (памежнікаў, паліцэйскіх, выпадковых грамадзян — патрэбнае выкрасліць).
І растлумачыць, як усё адбылося насамрэч, было б вельмі складана. Украінская аперацыя з тэрыторыі Польшчы выглядала б відавочнай і лёгка вытлумачальнай, мэта таксама здавалася б яснай і зразумелай — уцягнуць Польшчу ў вайну.
Любыя тлумачэнні таго, як была арганізаваная гэтая правакацыя, аддавалі б канспіралогіяй, а ўся гісторыя выглядала б заблытанай (бо насамрэч яна была б даволі заблытанай!).
Многія не паверылі б сапраўднаму тлумачэнню, паколькі яно здавалася б выкручастым і надуманым.
Але Польшчу папярэдзілі.
Расіяне напэўна ведалі, што аперацыя “прагарэла”, гэта значыць была раскрытая. Больш за тое, адзін з прарасійскіх польскіх палітыкаў [верагодна, Міхал мае на ўвазе прадстаўніка польскай ультраправай партыі “Канфедэрацыя”. — Еўрарадыё] апублікаваў копію загаду галоўнага каменданта паліцыі аб прывядзенні паліцэйскіх сіл у стан гатоўнасці да хуткага перакідвання.
У загадзе не ўказвалася, куды менавіта павінны былі накіраваць гэтыя падраздзяленні, але ў вочы кідалася адно: многія падраздзяленні прафілактыкі па ўсёй Польшчы павінны былі быць гатовыя да вылучэння.
У іх, у прыватнасці, павінна было быць абсталяванне для назірання ў інфрачырвоным дыяпазоне, аўтаматычная зброя, а таксама пазадарожнікі.
Практычна ўсе ваяводствы павінны былі вылучыць такія падраздзяленні. Усе, акрамя аднаго — Вармінска-Мазурскага. Бо іх нікуды не трэба было перакідваць: яны ўжо знаходзіліся на месцы…
Публікацыя гэтага загаду мела дзве мэты. З аднаго боку, выклікаць у краіне замяшанне, а з другога — папярэдзіць расіян: глядзіце, яны ўсё ведаюць!
На ўсялякі выпадак, каб пераканацца, што аперацыя сапраўды правалілася і што па той бок мяжы польскіх сілавікоў больш, чым дрэў у лесе, у ноч з 2 на 3 лістапада адправілі разведвальную групу для праверкі абстаноўкі.
Такая разведка праводзіцца, каб пацвердзіць ужо наяўную інфармацыю: ці сапраўды ўсё так?
Звярніце ўвагу: у нашых паведамленнях гаварылася пра групу загадкавых людзей, якія наблізіліся да мяжы. Ноччу туды проста так ніхто не ходзіць. Ва ўсякім разе, ніхто не робіць гэтага без ведама ўласных спецслужбаў.
Але гэтая група свяціла ліхтарыкамі. Як такое магчыма? Яны хацелі таемна перасекчы мяжу і пры гэтым свяцілі ліхтарыкамі? Нейкая лухта!
Яны прыйшлі не для таго, каб перасекчы мяжу. Яны прыйшлі праверыць, ці актывізуецца пры іх з'яўленні “спячы лес” на другім баку. І, як і чакалася, ён актывізаваўся.
Такім чынам пацвердзілася: калі б яны паспрабавалі перасекчы мяжу, то вельмі хутка апынуліся б там, дзе ім і належала апынуцца, — на грунтоўным допыце ў старым стылі, у якім-небудзь забытым людзьмі месцы. Там, дзе ніхто не пачуў бы іх крыкаў пасля таго, як акумулятар падключылі б да самага балючага месца.
Навошта я ўсё гэта пішу? І навошта, уласна, у прэсу былі арганізаваныя гэтыя ўцечкі, якія, на маю думку, былі наўмыснымі?
На маю думку, усё гэта павінна падрыхтаваць грамадства да таго, што Расія можа правесці падобную аперацыю “пад чужым сцягам”. Цяпер у іх не атрымалася, але ў наступны раз — хто ведае? А можа, усё ж атрымаецца?" — падсумоўвае аналітык Міхал Фішэр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут