У Расіі неанацыст адрэзаў галаву беларусцы, якая прыехала на заробкі

21/06/2017 - 13:31

У Маскве ідзе судовы працэс над групай з некалькіх хлопцаў і дзяўчат 19-25 гадоў. Іх затрымалі ў 2015 годзе за тое, што пяцёра маладых людзей жорстка забівалі людзей, піша meduza.io.

Па словах юнакоў, яны забівалі людзей, бо такім чынам "чысцілі" горад ад бяздомных і п’яніцаў. Праўда, іх ахвярамі станавіліся і выпадковыя людзі.

Адной з ахвяраў стала 40-гадовая беларуска Алена Шыцік: жанчына прыехала ў Маскву, каб зарабіць на рамонт у кватэры. Яе маці Вера Церашкова распавяла журналістам, што падчас апазнання ёй паасобку далі галаву і цела дачкі.

Забойцам беларускі быў 20-гадовы Павел Войтаў: ён нанёс жанчыне 44 удары нажом. Хлопец заявіў следчым, што забіў "бамжыху". "Каля цеплатрасы тармазнуў яе, нанёс ёй удараў дваццаць, яна скацілася ў яму", — распавёў зламыснік праваахоўнікам.

Матывам забойства ён назваў "нянавісць да бамжоў". Агулам Войтаў удзельнічаў у 14 забойствах. Па словах паплечнікаў, ад забойстваў Войтаў атрымліваў асалоду, нават падумваў пра тэракт.

Прысуд зламыснікам пакуль не вынесены.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі