Два смяротныя выпадкі на чыгунцы адбыліся 17 красавіка ў розных мясцінах Беларусі. Пра гэта ў сацсетках паведамляе афіцыйны прадстаўнік МУС Аляксандр Марчанка.
Каля 17:30 у Рагачове на пешаходным пераходзе пад таварны цягнік трапіла 15-гадовая дзяўчына. Машыніст ужыў экстранае тармажэнне, але наезду пазбегнуць не ўдалося. Дзесяцікласніцу даставілі ў лякарню з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, спалучанай і іншымі траўмамі. Каля 21:00 яна памерла.
Як удакладняе Следчы камітэт, дзяўчына пераходзіла чыгунку ў навушніках і слухала музыку. Таму яна не пачула сігналы, якія падаваў машыніст цягніка.
У той самы дзень каля 18:00 на пешаходным пераходзе станцыі Ратамка пад цягнік гарадскіх ліній Мінск-Беларусь трапіў 45-гадовы мінчук. Мужчына памёр на месцы.
Ад пачатку года на чыгунцы зафіксаваныя 29 няшчасных выпадкаў, пры якіх загінулі 22 чалавекі.