Хакер, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Хакеры ўзламалі сістэму электроннай аховы здароўя MyDr. Ёй карыстаюцца каля 12 тысяч медыцынскіх установаў па ўсёй Польшчы. Гаворыцца пра ўцечку даных амаль 19 мільёнаў чалавек. У іх лік трапілі і беларусы, якія жывуць у Польшчы.
Факт уцечкі даных пацвердзіў міністр лічбавізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі. Паводле яго, слядоў замежных спецслужбаў за гэтай атакай не заўважылі.
Паводле папярэдніх звестак, здабычай хакераў сталі базавыя ідэнтыфікацыйныя даныя: імёны і прозвішчы, даты нараджэння, нумары PESEL, кантактныя нумары тэлефонаў. У некаторых выпадках — гісторыі візітаў, дыягназы і выпісаныя рэцэпты (даныя да 2024 года).
Праверыць, ці трапілі вашыя звесткі ў рукі хакераў пакуль немагчыма.
Эксперты падкрэсліваюць, што камбінацыя з імя, нумара PESEL і тэлефона можа быць выкарыстаная для крадзяжу лічбавай асобы. Злодзеі могуць узяць на імя ахвяры крэдыт ці адкрыць падстаўны банкаўскі рахунак для адмывання грошай.
Міністэрства лічбавізацыі параіла заблакаваць PESEL. Перад выдачай крэдыту ці афармленнем дамовы банкі, крэдытныя арганізацыі і тэлекам-аператары абавязаныя правяраць рэестр заблакаваных нумароў PESEL. Гэта можна зрабіць на сайце mobywatel.gov.pl ці асабіста ва ўпраўленні (ужондзе). Праз гэта ўжо цяпер польскія ўжонды падоўжылі час працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут