У настаўніцы забіраюць аўтамабіль за даўгі… былога мужа

19/05/2016 - 05:14

Пастанову аб арышце аўтамабіля вынеслі судовыя выканаўцы з Мінскага раёна. У дакуменце пазначана, што Вольга Шэўчык дагэтуль у шлюбе. Насамрэч жанчына год таму развялася.

Атрымаўшы на рукі відавочна незаконнае рашэнне, Вольга запатрабавала, каб яго адмянілі. Але, як кажа жанчына, судовыя выканаўцы сваю памылку пакуль не прызналі, арышт з аўтамабіля не знялі і прапанавалі ёй увязвацца ў судовыя разборкі. 

“Выходзіць, мяне прымушаюць расплачвацца за даўгі чужога чалавека, пасягнуўшы на маю асабістую маёмасць. Як такое магчыма ў прававой дзяржаве?” — здзіўляецца Шэўчык.

 

“Машыну арыштавалі за даўгі, якія былі пасля разводу”

Вольга прабыла ў шлюбе блізу 14 год. Пара развялася ў траўні 2015-га, без вайны па дзялёжцы маёмасці. Муж падарыў сваю палову кватэры непаўнагадовай дачцэ, пагадзіўся з усімі патрабаваннямі Вольгі і сышоў. Але праз пэўны час былая жонка пачала атрымліваць лісты ад мабільных аператараў аб пазыках былога мужа. Таксама ёй стала вядома, што мужчына не аплачваў арэнду здымнай кватэры, куды ён перасяліўся. Набегла каля 26 мільёнаў запазычанасці. З гэтай нагоды быў суд, які выйграла ўласніца кватэры. Нягледзячы на судовае рашэнне, былы муж грошы добраахвотна не сплаціў. Падзеі разгортваліся ўжо пасля разводу, таму Вольгу яны не турбавалі. Але 12 траўня на яе “Сітраэн” раптоўна наклалі арышт.

Гэта аўто жанчына набыла яшчэ ў 2011 годзе, калі была ў шлюбе.

“Я не аматарка мяняць машыны. А былы муж за часам шлюбу памяняў іх цэлы шэраг. Апошні свой аўтамабіль ён прадаў гады два таму, калі пазбавіўся правоў. Таму я была ўпэўненая, што “Сітраэн” — выключна мая машына і ніхто на яе прэтэндаваць не можа. Былы муж з гэтым падчас разводу пагадзіўся. У пастанове суда так і сказана: “Спрэчак аб падзеле маёмасці бакі не маюць”, — апісвае сітуацыю Вольга. 

Вольга Шэўчык. Фота з сацыяльных сетак

“Звяртайцеся ў суд!”

 

Дабіваючыся сваёй праўды, жанчына абскардзіла пастанову кіраўніку аддзела прымусовага выканання Мінскага раёна Арцёму Акімаву. З ім была і вусная гутарка. Як кажа Вольга, аргументы пра памылку ў пастанове, дзе сказана, што яна не разведзена, спачатку пачутыя не былі. Акімаў прапанаваў ісці ў суд. Тады Вольга напісала на яго імя пісьмовую скаргу. А ў той жа дзень звярнулася пісьмова і да міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага. У Міністэрстве, як кажа Вольга, да яе паставіліся даволі ветліва і паабяцалі ў той жа дзень перадаць зварот асабіста ў рукі міністру.  

Жанчына скардзіцца, што не разумее, як дзейнічаць, бо ўпершыню ў жыцці мае праблемы з праваахоўнымі органамі. 

Калі машына трапіць на штрафстаянку, там яна паржавее, абясцэніцца і ў выніку прадасца занішто. Да таго ж за штрафстаянку трэба плаціць. І ў выніку ½ доля Вольгі можа пераўтварыцца ў абаранак

Адвакат

Вольга выхоўвае непаўнагадовую дачку, а зарабляе блізу 5 мільёнаў, хоць і з’яўляецца педагогам вышэйшай катэгорыі.

“У сённяшняй эканамічнай сітуацыі нам жывецца нялёгка. І тут у мяне арыштоўваюць машыну. А я не маю ні столькі нерваў, ні грошай на адваката, каб судзіцца”.

 

Юрыст: “Калі аўтамабіль арыштуюць, то Вольга не атрымае грошай з яго продажу”

Калізія гэтай гісторыі ў тым, што калі б яшчэ пару месяцаў таму Вольга прадала гэты “Сітраэн” і ўзамен купіла нешта іншае, то прэтэнзій да яе не было б. Але педагог працягвала ездзіць на адной і той жа машыне шосты год запар. 

Адвакат мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі №2 Ксенія Кобаса лічыць, што калі аўтамабіль набываўся ў перыяд шлюбу, то ён да сапраўднага часу з’яўляецца сумеснай маёмасцю. У транспартным сродку маецца ½ доля ўласнасці за былым мужам.

“Таму машыну і арыштавалі, — лічыць Кобаса. — Далей ёсць два варыянты. Першы: гэты аўтамабіль прадаецца, і былой жонцы аддаецца палова грошай. Другі: былая жонка сама выплачвае палову кошту і пакідае аўтамабіль сабе. З іншага боку, былая жонка можа звярнуцца ў суд з іскавой заявай аб выключэнні машыны з акту вопісу. У такім выпадку яна павінна даказаць, што машына — яе асабістая маёмасць, і муж да гэтага дачынення не мае. Здараецца ж такое, што машыну  падарылі ці яна была набыта за дашлюбныя зберажэнні”.

Яшчэ некалькі юрыстаў падчас падрыхтоўкі матэрыяла выказалі Еўрарадыё трошкі іншае меркаванне. Раз былы муж не меў да Вольгі маёмасных прэтэнзій падчас разводу, значыцца пагадзіўся з тым, што машына — гэта  ўласнасць былой жонкі. А значыцца, арыштоўваць аўто не мелі права.

Адзін з абазнаных адвакатаў патлумачыў і тое, што пасля арышту “Сітраэна” Вольга хутчэй за ўсё не атрымае за яго нават і паловы грошай.

“Калі машына трапіць на штрафстаянку, там яны паржавее, абясцэніцца і ў выніку прадасца занішто. Да таго ж за штрафстаянку трэба плаціць. І ў выніку ½ доля Вольгі можа пераўтварыцца ў абаранак”, — патлумачыў няхітрыя механізмы адвакат. 

 

***

 

Як стала вядома Еўрарадыё, лісты Вольгі Шэўчык прывялі да перагляду незаконнай пастановы аб арышце яе аўто. Аднак якое будзе прынята рашэнне, пакуль не вядома.

“Не маем права прадастаўляць звесткі аб ходзе выканаўчай вытворчасці трэцім асобам”, — адмаўляецца ад каментарыяў начальнік аддзела прымусовага выканання Мінскага раёна Арцём Акімаў.

У галоўным упраўленні прымусовага выканання Мінюста Еўрарадыё патлумачылі, што будзе з “Сітраэнам” Вольгі, калі танальнасць новай пастановы не зменіцца. Паводле артыкула 496 грамадзянскага працэсуальнага кодэксу, пасля арышту маёмасці адбываецца яе канфіскацыя і прымусовая рэалізацыя. Не абавязкова, каб аўтамабіль адразу ж забіралі на штрафстаянку. Калі судовы выканаўца не супраць, машыну да яе рэалізацыі могуць пакінуць нават самому даўжніку, якім па па сутнасці міжволі і нечакана стала законапаслухмяная настаўніца Вольга Шэўчык. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі