Студэнты, ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўныя службы Польшчы да канца 2025 года арганізуюць дадатковыя сесіі іспытаў па польскай мове (B2) для замежных студэнтаў. Пра гэта дамовілася дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі на чале з прадстаўніком па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Паўлам Баркоўскім і спікерам Каардынацыйнай рады Арцёмам Бруханам. Яны сустракаліся з дырэктаркай кансулярнага дэпартамента МЗС Польшчы Юстынай Хржаноўскай і супрацоўнікамі дэпартамента.
Ад 1 жніўня для замежных студэнтаў была ўведзеная абавязковая моўная сертыфікацыя на ўзроўні В2. Гэта стала нечаканасцю і для абітурыентаў, і для ўніверсітэтаў, якія ўжо праводзілі ўступную кампанію.
Па выніках сустрэчы прэс-служба АПК паведамляе, што замежныя студэнты, якія падалі дакументы да 1 жніўня 2025 года, маюць права на залічэнне без абавязковага сертыфіката. Такое тлумачэнне даюць Міністэрства навукі і вышэйшай школы і МЗС, яно апублікаванае на іх старонках.
У АПК беларускім абітурыентам рэкамендуюць:
— падавацца на "нулявыя курсы" польскіх універсітэтаў для вывучэння мовы. Гэта дазваляе рыхтавацца да наступнага навучальнага года і легальна знаходзіцца ў Польшчы;
— звяртацца ў прыёмныя камісіі ўніверсітэтаў праз механізм "umowy warunkowe", які не быў адменены. Гэта дазваляе ўніверсітэтам залічваць студэнтаў паводле ўласных патрабаванняў у межах акадэмічнай аўтаноміі.
Юстына Хржаноўская заявіла, што змена заканадаўства накіраваная на зніжэнне злоўжыванняў акадэмічнай сістэмай і павышэнне якасці навучання.
Таксама ў МЗС Польшчы паведамілі, што польскія консульскія службы надаюць пытанням адукацыі беларускіх студэнтаў асаблівую ўвагу:
— у візавых аддзелах польскіх дыпламатычных устаноў абітурыенты маюць прыярытэтную чаргу;
— дзейнічае адмысловая візавая падтрымка для тых, хто паступае на моўныя курсы польскіх ВНУ.
Прадстаўніцтвы па нацыянальным адраджэнні і па моладзевай палітыцы і студэнцтве АПК рыхтуюць падрабязныя інструкцыі з юрыдычным абгрунтаваннем. Яны будуць апублікаваныя бліжэйшым часам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут