У Мінску затрымалі моцна п'янага кіроўцу газонакасілкі — 3,8 праміле

19/05/2016 - 16:26

У Мінску супрацоўнікі ДАІ затрымалі рабочага з 3,8 праміле алкаголю ў крыві, які выехаў на газонакасілцы на дарогу.

"Рабочы касіў траву ў раёне вуліцы Гарэцкага на чатырохколавай газонакасілцы, якая падобная да невялікага трактара. Ён стаў выязджаць на дарогу, каб пераехаць на другі бок, паводзіў сябе відавочна неадэкватна. Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, а ён не можа нічога толкам растлумачыць. Адвезлі на медасведчанне — на перапыненым выдыху прыбор паказаў 3,8 праміле алкаголю", — перадае БЕЛТА словы інспектара аддзела ДАІ Фрунзенскага раёна сталіцы Сяргея Няжуты.

На шчасце, як кажуць у ДАІ, нецвярозая язда на газонакасілцы па дарозе не прывяла да ДТЗ ці іншых здарэнняў.

За кіраванне транспартам у нецвярозым выглядзе мужчыну пазбавяць правоў кіроўцы на ўсе катэгорыі на тры гады. Акрамя таго яму пагражае вялікі штраф.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі