У Мінску закрываюць два ліцэі

19/07/2023 - 07:27
Пусты клас / ілюстрацыйнае фота gazeta-n1.ru

Мінскія чыноўнікі пацвердзілі, што ў новым навучальным годзе ліцэі – № 1 у Маскоўскім раёне і № 2 – у Ленінскім — спыняюць сваё існаванне. "Сёння створаны ўмовы для атрымання профільнай адукацыі на трэцяй ступені ва ўсіх школах і гімназіях. У нас вялікая сетка профільных класаў. І сёння няма неабходнасці ў такім выглядзе ўстановы, як агульнаадукацыйны ліцэй", — заявіў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. Яго словы прыводзіць агенцтва"Мінск-Навіны".

Будынак ліцэя № 1 перададуць бліжэйшай сярэдняй школе, а ліцэя № 2 — Мінскаму педагагічнаму каледжу. В другім выпадку чыноўнікі спадзяюцца за кошт новых плошчаў павялічыць набор навучэнцаў на педагагічныя спецыяльнасці. "Зможам папаўняць кадравыя рэсурсы настаўнікамі пачатковай школы, выхавацелямі дашкольнай адукацыі", – мяркуе Стрыгельскі.

Нагадаем, аб ліквідацыі двух мінскіх ліцэяў стала вядома ў канцы 2021 года. Пры гэтым вядомы рэпетытар Яўген Лівянт тады пісаў, што "няма ніякага тлумачэння прычын закрыцця ліцэяў — ні выразнага, ні невыразнага". Бацькі вучняў нават звярталіся да Наталлі Качанавай і Аляксандра Лукашэнкі з просьбай захаваць ліцэі. Але безвынікова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі