У Мінску праходзіць цырымонія развітання з Уладзімірам Макеем

29/11/2022 - 08:55
Развітанне з Уладзімірам Макеем праходзіць у Доме афіцэраў у Мінску / БЕЛТА

У Мінску праходзіць цырымонія развітання з Уладзімірам Макеем. Міністр замежных спраў раптоўна памёр у мінулую суботу, 26 лістапада.

Адным з першых развітацца з чыноўнікам прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Праўладныя Telegram-каналы пішуць, што Лукашэнка ішоў ад будынка Адміністрацыі прэзідэнта да Дома афіцэраў пешшу. Адзначым, што ў апошнія гады рэзідэнцыя Лукашэнкі знаходзіцца на праспекце Пераможцаў, а не ў будынку на вуліцы Карла Маркса. У любым выпадку і на вуліцы перад Домам афіцэраў, і ў залі, дзе праходзіць развітанне, Лукашэнка быў практычна адзін.

Пасля яго развітацца з Макеем прыйшлі чыноўнікі. Пазней БЕЛТА апублікавала і здымкі людзей, якія стаяць у чарзе. "Каля Дома афіцэраў у Мінску з самай раніцы шмат людзей", сцвярджае агенцтва.

Аб смерці Уладзіміра Макея стала вядома ў суботу. На мінулым тыдні ён прымаў удзел у пасяджэнні АДКБ у Ерэване, сустракаўся ў Мінску з Апостальскім нунцыем у Беларусі Антэ Ёзічам, абмяркоўваў працоўныя планы на будучы тыдзень. Макей павінен быў ехаць у Лодзь (Польшча) на пасяджэнне кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў АБСЕ. Замест яго Беларусь на саміце будзе прадстаўляць пастаянны прадстаўнік РБ пры АБСЕ ў Вене Андрэй Дапкюнас.

Макей на дыпламатычнай службе з пачатку 90-х. У 2000-2008 быў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі, затым узначаліў Адміністрацыю прэзідэнта. У жніўні 2012 вярнуўся ў МЗС на пасаду кіраўніка ведамства.

Развітацца з Макеем прыйшоў Аляксандр Лукашэнка / @pul_1
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава / БЕЛТА
Людзі перад Домам афіцэраў, дзе праходзіць развітанне з Уладзімірам Макеем / БЕЛТА

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі