Іспыт, ілюстрацыйнае фота
Працу выпускніка на цэнтралізаваным экзамене (ЦЭ) могуць ануляваць за парушэнні. За якія менавіта, журналістам расказала прадстаўніца Мінадукацыі Ірына Каржова.
Яна падкрэсліла, што сёлета патрабаванні да паводзінаў у пунктах ЦЭ ўзмоцненыя.
"Не дазволена выносіць з аўдыторыі запісы, якія змяшчаюць заданні ЦЭ, на любым носьбіце. Уключаючы запісы на руках. Звяртаем увагу, што ў такіх выпадках праца выпускніка будзе ануляваная, і атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі такія навучэнцы на выпускным вечары атрымаць не змогуць", — звярнула ўвагу чыноўніца.
Як і летась, у аўдыторыю на ЦЭ можна ўзяць дакумент, які сведчыць асобу, пропуск і асадку са стрыжнем чорнага колеру. Усе астатнія прадметы неабходна пакінуць у спецыяльна адведзеных месцах.
"За парушэнне правілаў знаходжання ў аўдыторыі праца будзе анулявана, сертыфікат выдадзены не будзе", — дадала Каржова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут