У Магілёве група праваахоўнікаў згвалтавала дзяўчыну?

07/04/2016 - 09:40

У Магілёве група праваахоўнікаў згвалтавала дзяўчыну. Як піша газета "Вечерний Могилев" (у нумары за 6 красавіка), паводле неафіцыйнай інфармацыі, злачынства здзейснілі трое ўчастковых інспектараў Ленінскага РАУС (на той момант яны, нібыта, займалі гэтыя пасады) і адзін былы супрацоўнік Дэпартамента выканання пакаранняў. Адзін з міліцыянераў у цывільнай вопратцы пазнаёміўся ў мясцовым дыска-клубе з дзяўчынай, якая была ў стане алкагольнага ап'янення. Ён прывёз яе на кватэру, дзе яе падпаілі, пасля чаго ўся кампанія, скарыстаўшыся бездапаможнасцю дзяўчыны, яе гвалтавала.

Дзяўчына напісала заяву ў міліцыю. Па адной версіі, яе збівалі, пацярпелую падабрала "хуткая". Гвалтаўнікоў вылічылі з дапамогай камер відэаназірання ў дыска-клубе і, нібыта, усіх чатырох затрымалі і завезлі ў сталіцу. Яны, дарэчы, спрабавалі адкупіцца ад дзяўчыны, прапаноўвалі ёй 20 тысяч долараў, піша выданне.

З афіцыйнага адказу на запыт, які даслала рэдакцыя газеты ў Следчы камітэт, вынікае, што распачатая крымінальная справа. Артыкул — "згвалтаванне, здзейсненае групай асобаў" (ч. 2 арт. 166 КК). Расследаваннем справы займаецца галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату Следчага камітэта. Справу распачалі ў адносінах трох чалавек, яны знаходзяцца пад вартай. Высвятляюцца ўсе абставіны здарэння.

Такім чынам, першапачатковая неафіцыйная інфармацыя пра чатырох затрыманых не пацвердзілася.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі