Напярэдадні разбураную Барадзянку наведала прэм'ер-міністра Літвы Інгрыда Шымонітэ /@uniannet
Луганская вобласць застаецца пад абстрэламі. За дзень 11 красавіка і ноч 12-га тут былі пашкоджаныя 17 аб'ектаў, у тым ліку 12 — жылых дамоў. Больш за ўсё дасталася забудове Рубежнага, Лісічанска, Северодонецка і Навадружаска. У Лісічанску адзін чалавек загінуў, яшчэ трое — параненыя. Гэта дадзеныя ад кіраўніка рэгіёну Сяргея Гайдая.
З Сумскай вобласці расійскія войскі сышлі, але яны застаюцца ля межаў рэгіёну. Супернік пастаянна перадыслакуецца і мяняе колькасць падраздзяленняў, але паўнавартасная ўдарная групоўка, на думку ўкраінскага боку, пакуль там не фармуецца, паведамляе ўкраінскі рэсурс "Громадське". Кіраўнік рэгіёну Дзмітрый Жывіцкі кажа, што з вобласці можна не з'язджаць. Калі пагроза з'явіцца, улады папярэдзяць.
Расійскія войскі спрабуюць замацавацца на адміністрацыйных межах Херсонскай вобласці, таксама паведамляе "Громадське" са спасылкай на аператыўнае камандаванне "Поўдзень". Пры гэтым з-за штармавога ветру і дажджоў на поўдні Украіны расіяне не могуць выкарыстоўваць беспілотнікі для разведкі і карэкціроўкі агнём. Штармавое надвор'е ў Чорным моры ўскладняе манеўраванне караблёў. Тым не менш, пагроза ракетных удараў з мора застаецца.
Паводле звестак Генштаба, расіяне засяроджваюць сілы ў Белгародскай і Варонежскай абласцях, перакідваюць авіяцыю на аэрадромы ля ўсходніх межаў Украіны.
"Верагодна, расіяне будуць спрабаваць узяць пад кантроль Марыупаль і Папасную і весці наступ у кірунку на Курахава для выхаду на адміністрацыйныя межы Данецкай вобласці", — дапускаюць ва ўкраінскім Генштабе
У ЗША і Вялікабрытаніі адрэагавалі на паведамленне аб магчымым ужыванні ў Марыупалі атрутнага рэчыва невядомага паходжання. Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Элізабэт Трас заявіла, што яе краіна мае намер праверыць дэталі, але пры гэтым адзначыла, што "любое выкарыстанне такой зброі было б эскалацыяй гэтага канфлікту". У ЗША пакуль таксама няма пацверджанняў аб хімічным атручванні ў Марыупалі, але тут кажуць аб занепакоенасці.
"Гэтыя паведамленні, калі яны праўдзівыя, выклікаюць глыбокую занепакоенасць", — заявіў прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі.
Напярэдадні ў тэлеграм-канале палка "Азоў" з'явілася паведавленне, што ўвечары 11 красавіка расійскія войскі выкарысталі супраць абаронцаў Марыупаля невядомае атрутнае рэчыва. Яно было скінута з дрона. Пацярпелі і ваенныя, і грамадзянскія асобы. У іх назіраліся дыхальная недастатковасць і вестыбула-атактычны сіндром.
З расійскага палону вызвалена карэспандэнт УНІАН з Запарожжа Ірына Дубчанка. Яна ўжо дома. Аб затрыманні журналісткі стала вядома ў канцы сакавіка. Ірына патэлефанавала сястры з палону і распавяла, што яе выдалі мясцовыя. Нехта распавёў расійскім вайскоўцам аб яе працы і валанцёрстве.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім традыцыйным звароце казаў пра неабходнасць увесці нафтавае эмбарга супраць Расіі.
"Любы новы санкцыйны пакет супраць Расіі, калі ён не будзе нафты, будзе успрыняты ў Маскве з усмешкай", — мяркуе ён. Зяленскі таксама распавёў пра візіт ва Украіну прэм'ер-міністр Літвы Інгрэды Шымонітэ. Напярэдадні яна наведала разбураную Барадзянку пад Кіевам.
У Кіеў вяртаецца бельгійская амбасада. Пра гэта таксама паведамляе "Громадське" са спасылкай на бельгійскага міністра замежных спраў Сафі Вільмес. Місія ў Кіеве была закрытая з меркаванняў бяспекі ў пачатку сакавіка, тады ж дыпламаты пакінулі краіну. Раней у Кіеве ўжо аднавілі працу амбасады шэрагу еўрапейскіх краін.
Сусветная гандлёвая арганізацыя падлічыла, што вайна Расіі супраць Украіны можа знізіць рост сусветнага ВУП на 0,7-1,3%. На гэты год рост прагназаваўся на ўзроўні 3,1-3,7%. Такая ж тэндэнцыя чакаецца і ў сусветным гандлі.
Мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін прапанаваў з 1 верасня больш не набіраць у школах горада класы па вывучэнні рускай мовы. Паводле яго слоў, "мы бачым, што гэтая мова яшчэ гадоў 20-30 для нашых дзяцей не спатрэбіцца".
Сёння аднаўляецца дыстанцыйнае навучанне ў школах Харкава. Пра гэта распавёў мэр горада Ігар Церахаў.
"Нашы дзеці павінны скончыць навучальны год. Вы ведаеце маю пазіцыю: я заўсёды быў супраць дыстанцыйнага навучання, але ўлічваючы тое, што ва Украіне ідзе вайна, навучанне будзе адбывацца дыстанцыйна", — сказаў Церахаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут