У кампаніі Yahoo скралі тры мільярды пароляў

04/10/2017 - 10:02

Амерыканская інтэрнэт-кампанія Yahoo заявіла, што ў яе скралі звесткі ўсіх трох мільярдаў карыстальнікаў, перадае Радыё "Свабода"

Раней кампанія паведамляла, што ў 2014 годзе ў яе скралі асабістыя звесткі 500 мільёнаў карыстальнікаў, а ў 2013-м — 1 мільярда. 

З кастрычніка Yahoo пачала рассылаць электронныя лісты з паведамленнем пра "дадатковыя" ахвяры атакі. Пры гэтым кампанія запэўнівае, што скрадзеная інфармацыя не змяшчала незашыфраваныя паролі, звесткі пра банкаўскія карткі ці рахункі. Здабычай хакераў маглі стаць імёны, адрасы электроннай пошты, нумары тэлефонаў, даты нараджэння, зашыфраваныя паролі, а таксама ў асобных выпадках незашыфраваныя адказы на сакрэтныя пытанні. Некаторыя скрадзеныя звесткі могуць дазволіць хакерам завалодаць акаўнтам без ведання паролю.

Адзначаецца, што крадзеж звестак трох мільярдаў карыстальнікаў — найбуйнейшы вядомы выпадак крадзяжу асабістых звестак у гісторыі чалавецтва. Кампанія па-ранейшаму не расказвае падрабязна, як адбываліся хакерскія атакі, але заяўляе, што падазрае "хакераў, спансіраваных дзяржавай".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі