У Маладзечне 9 траўня здарыўся скандал: людзі прыйшлі ўскласці кветкі да Вечнага агню, а ён не гарыць. Блізу 18:00 фатограф Яўген Стэльмах зрабіў здымак, які вы бачыце ніжэй. Ён кажа, што ў той час людзі ўжо пачалі разыходзіцца з парка, дзе святкавалі Дзень Перамогі. Але відавочцы сцвярджаюць, што камунальнікі пагасілі Вечны агонь значна раней: блізу 16-й гадзіны.
"Спачатку прыязджаюць супрацоўнікі гаргазу і з балона запальваюць Вечны агонь. Прайшоў мітынг — яны самі адтуль з'язджаюць і агонь гасяць. Эканомія эканоміяй, але ж такія рэчы грашыма не вымяраюцца, — абураецца Яўген Стэльмах. — Тут ці Вечны агонь і памяць — справа, а не проста словы, — ці... Не на такіх рэчах трэба эканоміць".
У маладзечанскай ветэранскай арганізацыі Еўрарадыё запэўнілі: быць не можа такога, каб Вечны агонь не гарэў. Але ж факт у тым, што ў горадзе ёсць два "Вечных" агні. У двукоссях — бо абодва гараць толькі па святах.
Колькі каштуе Вечны агонь? Знайсці адказ на гэтае пытанне мы паспрабавалі на сайце дзяржзакупак. І ведаеце, што? Ад горада да горада кошты істотна адрозніваюцца! У Віцебску Вечны агонь гарыць за 13 тысяч, а ў Гомелі за 30 тысяч. А ў Барысаве — падрыхтуйцеся! — за ўсе 60 тысяч рублёў.
Чаму так дорага? Таму што тэндары бываюць розныя.
У Барысаве дзяржзакупка датычыцца не проста газу, а "цякучага ўтрымання" Вечнага агню. Заказчыкам выступае барысаўскае гарадское ўнітарнае прадпрыемства "Жыллё".
"Мы наводзім парадак на тэрыторыі помніка ахвярам фашызму "Вечны агонь". Высаджваем кветкі, даглядаем пастамент, мыем мармур, прыбіраем, вымятаем, вычышчаем — вось гэта мы. А што да газу, які там гарыць, — мы да яго ніякага дачынення не маем", — тлумачыць намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Клімянкоў.
60 тысяч рублёў за парадак ля Вечнага агню? Што ж, такія рэчы грашыма не вымяраюцца.
У Хатыні на газ для Вечнага агню трацяць усяго 7260 рублёў — у чатыры разы танней, чым у Гомелі. Калі я кажу пра гэта бухгалтарцы з вогненай вёскі, яна задумваецца, а пасля адказвае: "У іх, можа, ярчэй свеціць... Ці гарэлка большая..."
У Хатыні кажуць, што газ для Вечнага агню аплачваюць з пазабюджэтнай сметы — то бок, з грошай, якія мемарыял зарабляе на квітках ды сувенірах. Год ад года сума крыху змяняецца — гэта залежыць ад таго, як працуе гарэлка. Новая, пакуль адрэгулююць, можа "есці" крыху больш газу, чым звычайна.
Вечны агонь гарыць у Хатыні круглы год — дзякаваць Богу, пагасіць яго тут нікому ў галаву не прыходзіць.
У Брэсцкай крэпасці выдаткі на газ самыя істотныя: блізу $40 тысяч. Крэпасць закупляе 131736 кубаметраў газу, гэта вельмі шмат. Але гэта тлумачыцца вельмі проста: большая частка паліва ідзе на ацяпленне.
"У нас тры газавыя кацельні. І Вечны агонь, — распавядае Еўрарадыё намеснік дырэктара Брэсцкай крэпасці па эксплуатацыі Аляксандр Якубоўскі. — На Вечны агонь ідзе блізу 1 тысячы кубаметраў за месяц".
Гэта 12 тысяч "кубоў" за год. Такі аб'ём газу для юрыдычных асобаў каштуе блізу 5,7 тысячы рублёў, ці $3 тысячы. Калі ж Вечны агонь каштуе нашмат больш — відаць, нейкім няпростым газам яго запраўляюць.
"Летась нам "Газпрам" вылучыў грошы на Вечны агонь. Калі мяне памяць не падманвае, пералічылі $10 тысяч", — працягвае Аляксандр Якубоўскі.
Сёлета, па яго словах, дамова яшчэ не падпісаная. Але так здаралася і раней — дапамога вылучаецца цягам года. А мэнаджары "Газпрама" — людзі занятыя. У Брэсцкай крэпасці гэта разумеюць, таму не вельмі турбуюцца. І спадзяюцца, што і сёлета на іх знойдзецца час і ўвага.