Праект сквера / Гродзенскі гарвыканкам
Новы сквер, прысвечаны беларускай жанчыне, плануюць стварыць сёлета ў Гродне. Аб праекце расказалі на ўрачыстым прыёме да 8 Сакавіка, заўважыла выданне hrodna.life.
Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель паказаў некалькі варыянтаў афармлення і прапанаваў жанчынам абмеркаваць ідэі. Канчатковага праекта пакуль няма.
Паведамляецца, што адна з удзельніц прэзентацыі прапанавала памяняць назву праекта: замест "Моцная беларуская жанчына" яна параіла варыянт "Шчаслівая беларуская жанчына".
Сквер мяркуецца размясціць на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў побач з Гродзенскай абутковай фабрыкай. У цэнтры яго хочуць паставіць статую жанчыны — з белага каменя ці бетону. На думку ініцыятараў, гэтая статуя будзе "адсылаць да стойкасці і падкрэсліваць унутраную сілу і непахіснасць беларускіх жанчын". Вакол статуі будуць драўляныя рэйкі, упрыгожаныя беларускім арнаментам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут