У "Белай Русі" распавялі, хто стане чальцамі выбаркамаў

19/06/2016 - 15:02

Кіраўнік праўладнага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Аляксандр Радзькоў назваў якасці, якімі абавязкова павінен валодаць чалец выбарчай камісіі. Заява прагучала на пашыраным пасяджэнні рэспубліканскага савета арганізацыі, прысвечаным парламенцкім выбарам.

"Чалец выбарчай камісіі павінен пражываць на тэрыторыі акругі, мець бездакорную рэпутацыю, дастатковы ўзровень адукацыі, які дазволіць яму ўнікнуць у тонкасці выбарчага заканадаўства, ведаць замежную мову, быць камунікабельным, умець працаваць у камандзе", — цытуе tut.by словы Радзькова.

Ён заклікаў аберагчы выбаршчыкаў ад трапляння пад уплыў апазіцыі, якая "гуляе на складаных супярэчнасцях, не раскрываючы грамадзянам сапраўдную сутнасць праблем".

Выступіў на пасяджэнні і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Ён абурыўся тым, што недзяржаўныя СМІ крытыкуюць чыноўнікаў.

"Калі апазіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, якіх у нас вельмі шмат і якіх ніхто не ўціскае (сапраўдная свабода слова ў нас у Беларусі), накідвае на кагосьці... Не кажу ўжо пра сябе, пра мяне зразумела... На Качанаву Наталлю Іванаўну (віцэ-прэм'ер. — Еўрарадыё), яшчэ на кагосьці, на Радзькова, на Лукашэнку само сабой... Мы неяк так: "Ну, гады, накінуліся!". А дзе нашая салідарнасць? А чаму мы ў адказ маўчым? І чаму мы не накінемся? Я гэта і сабе кажу. Але мы стараемся. Адной Белтэлерадыёкампаніі мала. Усім мірам, што называецца, не даваць спуску", — прапанаваў Давыдзька.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі