У Беларусі ўводзіцца ўсеагульнае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі

31/01/2022 - 11:40

У Беларусі ўводзіцца ўсеагульнае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі. Раней са школы можна было сыйсці пасля 9 класа, цяпер усім давядзецца вучыцца 11 класаў. Новаўвядзенне прадугледжана новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, які падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Дагэтуль прадугледжвалася ўсеагульнае атрыманне агульнай базавай адукацыі.

Таксама павялічваецца колькасць "мэтавікоў" (адукацыя "за кошт прадпрыемства" з абавязкам адпрацаваць на ім пасля пяць гадоў): па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 70%, па медычных — да 80%, па іншых — да 60%. Накіроўваць "мэтавікоў" на вучобу цяпер можна з любога населенага пункта краіны. Міністэрства адукацыі адзначае, што гэтыя нормы пачнуць дзейнічаць ужо сёлета.

Ільготы пры паступленні ў ВНУ атрымліваюць выпускнікі спартова-педагагічных і вайскова-патрыятычных класаў, а таксама дзеці сілавікоў, якія загінулі, памерлі ці сталі інвалідамі пры выкананні службовага доўгу.

Сярод новаўвядзенняў — з 2023 года ў Беларусі можна будзе паступіць у ВНУ па сертыфікатах выпускных іспытаў. А ільготы пры паступленні атрымаюць удзельнікі (а не толькі пераможцы) рэспубліканскіх алімпіяд і выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку (гэта новы від дадатковай адукацыі для адораных дзяцей).

Дыстанцыйнае навучанне замацоўваецца як самастойная форма атрымання адукацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі