У Беларусі першую спробу ЭКА зробяць бясплатнай

02/02/2019 - 08:27

У Беларусі першую спробу экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) зробяць бясплатнай. Адпаведныя нарматыўныя дакументы цяпер рыхтуе Мінздароўя. Раней абмяркоўвалася ўвядзенне квотаў для кожнай сямейнай пары, каб колькасць бясплатных спробаў ЭКА вызначалася аб'ёмам фінансавання. Але пакуль вырашылі спыніцца на адной першай спробе для ўсіх, піша “Сельская газета”.

У выпадку няўдачы далейшыя спробы сям’я будзе аплочваць самастойна. Вядома, што цяжарнасць не заўсёды надыходзіць з першым цыклам ЭКА: усяго ў 35-40% выпадках. Аднак спецыялісты ўсё адно мяркуюць, што бясплатная спроба — добры бонус для тых, хто вымушаны скарыстацца такой рэпрадуктыўнай тэхналогіяй.

Паводле статыстыкі, у Беларусі 15-17% сем’яў няплодныя. З праблемай сутыкаюцца каля 10 тысяч сужэнскіх параў. Да таго ж у краіне зніжаецца нараджальнасць, таму у Мінздароўі лічаць патрэбным даць шанец стаць бацькамі тым беларусам, якія хацелі б мець дзяцей.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі