У Беларусі перастаў працаваць і сэрвіс анлайн-продажу квіткоў на аўтобусы

04/03/2026 - 13:17

На мінскім аўтавакзале, ілюстрацыйнае фота

Часова перастаў працаваць сэрвіс анлайн-продажу квіткоў Infobus. У выніку пошук і купля квіткоў праз інтэрнэт аказаліся немагчымыя.

Чытач выдання Tochka.by паскардзіўся: "З ночы не магу купіць білет праз "Інфабус". Цяпер давядзецца ехаць на аўтавакзал і стаяць у чарзе".

Прычынай стала аварыя на воблачнай платформе, праз якую раней часова выйшла з ладу сетка зарадных станцый Malanka.

"Вымушаныя паведаміць, што, паводле інфармацыі ад кампаніі МТС, у выніку аварыйнай сітуацыі на абсталяванні воблачнай платформы Huawei адбыўся часовы збой у працы сэрвісу infobus.by. Пошук і купля квіткоў часова недаступныя. У цяперашні момант вядуцца работы па ліквідацыі дадзенай сітуацыі. Поўнае аднаўленне функцыянальнасці можа заняць некаторы час", — заявілі прадстаўнікі платформы.

Разам з тым карыстальнікам нагадалі, што раней набытыя квіткі прыходзяць на электронную пошту, указаную пры афармленні, і параілі правяраць тэчку са спамам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі