У Беларусі на просьбу расіян затрымалі замежнікаў

19/06/2024 - 10:14

Мужчын затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" / @MinskNationalAirport

Беларускія сілавікі затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" двух замежных грамадзян. У Расіі затрыманых падазраюць у нападзе з нажом на мужчыну. Інцыдэнт адбыўся 16 чэрвеня ў падмаскоўным Адзінцова. Пацярпелага некалькі разоў ударылі нажом у сцягно, цяпер ён у бальніцы.

У беларускім МУС расказалі, што затрыманыя — дваюрадныя браты, ім 26 і 28 гадоў. У Беларусь яны прыехалі на машыне і планавалі паляцець праз Мінск у трэцюю краіну, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу ў Расіі. ТАСС удакладняе, што затрыманыя — ураджэнцы адной з рэспублік Сярэдняй Азіі. Беларускае МУС публікуе відэа, дзе адзін з мужчын кажа, што напаў на чалавека праз тое, што той нібыта лаяўся на яго і брата. Другі затрыманы кажа, што збег і не бачыў сітуацыю з нанясеннем нажавых раненняў. Прычынай нападу, па іх словах, быў канфлікт на дарозе.

Крымінальную справу ў Расіі завялі па артыкуле "хуліганства, здзейсненае групай асоб, з ужываннем прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі". Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі затрыманых у Расію.

Момант нападу на мужчыну ў Адзінцова / @pressmvd

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі