У Беларусі хочуць законам адмяніць магчымасць навучацца на мовах нацменшасцяў

08/11/2022 - 19:19
Школа / pixabay.com

У Беларусі неўзабаве будзе немагчыма атрымліваць адукацыю на мове нацыянальных меншасцяў. Адпаведны закон у першым чытанні рыхтуецца прыняць Палата прадстаўнікоў. Законапраект "Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі" апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Сярод іншага ў ім прапануецца змяніць артыкулы 21 і 22, дзе гаворыцца пра мовы навучання ў школах, ВНУ ды іншых установах адукацыі. У прыватнасці, закон пацвярджае, што права на навучанне ў Беларусі даецца як на рускай, так і беларускай мовах. Але пры гэтым мяняецца фармулёўка. Раней было "на беларускай або рускай мовах", цяпер будзе напісана "на беларускай і (або) рускай мовах".

Артыкул 21 пазбавіцца фразы: "Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове маюць і асобы іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць у рэспубліцы".

Артыкул 22 цяпер будзе замацоўваць, што ў дзіцячых садках і школах навучанне можа весціся на замежнай мове, але толькі па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі і "пры наяўнасці ўмоваў". Раней закон казаў, што па жаданні вучняў і бацькоў (законных прадстаўнікоў), па рашэнні мясцовых уладаў і пры ўзгадненні з Мінадукацыі могуць стварацца класы або школы, дзе навучанне адбываецца на мовах нацменшасцяў.

Да нядаўняга часу ў Беларусі дзейнічалі дзве польскія і дзве літоўскія нацыянальныя школы. Аднак цяпер беларускія ўлады пачалі наступ на іх і дэ-факта ліквідавалі навучанне на мовах меншасцяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі