У Беларусі будуць па-новаму фінансаваць дзіцячыя садкі

16/10/2019 - 07:56
Фота TUT.by

14 кастрычніка Саўмін зацвердзіў пілотны праект "Аб апрабацыі нарматыўнага фінансавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі". Дакумент 16 кастрычніка апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт партале.

Эксперыментальны праект паспрабуюць рэалізаваць у Баранавічах, Магілёве, Віцебску, Гомелі, Салігорскім раёне, Гродзенскай вобласці і ў Першамайскім раёне Мінска.

У рамках праекта на дзіцячыя садкі будуць выдаткоўваць розныя сумы з бюджэту. Усё залежыць ад колькасці дзяцей, часу навучання і іншых характарыстык. Будзе ўлічвацца патрэба ў грошах на набыццё маёмасці, рамонт, камунальныя паслугі.

У пастанове Савет Міністраў зацвердзіў "базавы нарматыў" на адно дзіця на 2020 год. Напрыклад 2.277,97 рубля ў год на дзіцячыя сады ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, 2839,87 рубля ў год у сельскіх населеных пунктах.

Таксама ўводзяцца карэкціруючыя каэфіцыенты. Да прыкладу, калі дзеці знаходзяцца ў садку 10,5, а не 12 гадзін, базавы нарматыў памнажаецца на 1,144, а калі і зусім 24 гадзіны - на 1,441. Калі дзіця мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця і вучыцца ў спецыяльнай групе, базавы каэфіцыент памнажаецца на 1,525. Калі ён вучыцца ў групе інтэграванага навучання - на 0,836, а калі наведвае карэкцыйна-педагагічны пункт - 0,21.

Для садкоў у сельскай мясцовасці ўводзяцца невялікія папраўкі ў залежнасці ад таго, у якой вобласці ўстанова: больш дадуць у Віцебскай вобласці (1,024), Магілёўскай (1,006) і Гродзенскай (1,011), у астатніх - менш.

Мясцовыя саветы дэпутатаў могуць павялічыць аб'ём фінансавання пры наяўнасці крыніц кампенсацыі выдаткаў. У пастанове адзначаецца, што рэкамендацыі па колькасці работнікаў, якія вызначае Мінадукацыі, для эксперыментальных садоў маюць рэкамендацыйны характар. Адказнымі за рэалізацыю і маніторынг эксперыменту стануць аблвыканкамы і Мінгарвыканкам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі