У Беларусі адбываюцца ператрусы па "справе актывістаў дыяспары"

20/03/2024 - 14:26

Ператрус, ілюстрацыйнае фота

20 сакавіка ў Беларусі адбываюцца ператрусы па крымінальнай "справе актывістаў дыяспары". Пра гэта ў сацсетках паведаміў заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.

Па яго словах, выпадкі ператрусаў пакуль нешматлікія.

"Нам вядома да дзесяці выпадкаў. Пакуль гэта не дзясяткі. Справа супраць актывістаў дыяспары перакрыжоўваецца па персаналіях і з чальцамі Каардынацыйнай рады і з Офісам Ціханоўскай. Можа быць дастаткова шмат перакрыжаванняў", — перадае Радыё "Свабода" словы Стрыжака.

Паводле яго, да некаторых людзей сілавікі могуць прыйсці па некалькі разоў за кароткі час. Прычым для іх не важна, што людзей можа не быць у Беларусі ўжо вельмі даўно.

Як распавядала Еўрарадыё, сёння ператрус адбыўся ў мінскай кватэры кіраўніка Malanka Media і платформы ZUBR Паўла Марыніча. Ён жыве па-за межамі Беларусі з 2010 года.

Таксама сёння стала вядома, што Следчы камітэт вядзе расследаванне па актывістах дыяспары, аб'яднаных у "Народныя амбасады" і "Беларусы замежжа".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі