TUT.by дапаможа сваім журналістам аплаціць штрафы па "справе БЕЛТА"

05/03/2019 - 15:37

Заснавальнікі партала TUT.by дапамогуць сваім журналістам аплаціць штрафы па "справе БЕЛТА". Пра гэта напісала ў сацсетках галоўная рэдактарка партала Марына Золатава

"Многія прапануюць дапамогу ў аплаце штрафу і нават заклікаюць арганізаваць цэлы краўдфандынг. Вялікі дзякуй за ваш удзел, я праўда вельмі кранутая. Але ў гэтым няма неабходнасці. Штраф мне дапаможа аплаціць кампанія, гэтаксама, як і іншым фігурантам гэтай справы.

Яшчэ вось хацелася сказаць пра "пазыкі", таму што ўсякае даводзілася чуць. Іх пагашэнне не ляжа на плечы супрацоўнікаў, іх таксама дапамогуць пагасіць заснавальнікі TUT.BY. І з захаваннем нормаў грамадзянскага і падатковага заканадаўства", — напісала Золатава ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку. 

Яна прапанавала ахвочым пералічыць грошы на дабрачыннасць — героям праекта "Ты можаш ім дапамагчы" ці любому з праектаў "Імёнаў".

Як распавядала Еўрарадыё, па "справе БЕЛТА" Марыну Золатаву аштрафавалі на 7650 рублёў (300 базавых велічыняў). Яшчэ 6000 рублёў судовых выдаткаў з яе спаганяюць на карысць БЕЛТА. 

Таксама разнастайныя штрафы аплацілі іншыя супрацоўнікі TUT.by, абвінавачаныя ў несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі