"Тут ёсць і пытанне самапавагі". Дарадца прэзідэнта Літвы — пра перамовы з Мінскам

28/03/2026 - 12:11

Адносіны з Беларуссю гатовы паляпшаць, але з боку Мінска павінны быць змены / LRT

"Мы сапраўды гатовы паляпшаць гэтыя адносіны, але з боку Беларусі павінны быць сістэмныя змены — у напрамку дэмакратызацыі, змяншэння падтрымкі расійскай ваеннай прамысловасці, магчыма, больш самастойнага курсу Беларусі", — заявіў у эфіры літоўскага канала LRT галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс.

Ён падкрэсліў, што для аднаўлення адносін Беларусь павінна прадэманстраваць сістэмныя змены. Паводле яго слоў, пазбягаць дыялогу на больш высокім палітычным узроўні — гэта пазіцыя ўсяго Еўрапейскага саюза, і Літва абавязаная яе прытрымлівацца. А на тэхнічным узроўні перамовы магчымыя.

Матулёніс сцвярджае, што ў цяперашняй сітуацыі Літву спрабуюць прымусова ўцягнуць у дыялог з Беларуссю.

"Гэта свайго роду спроба прымусова ўцягнуць нас у дыялог і, магчыма, дыпламатычна прынізіць. (…) Я кажу пра пазіцыю Беларусі. (…) Тады ў Лукашэнкі з’явіцца падстава сцвярджаць, што яны [літоўцы. — Еўрарадыё] вярнуліся, нарэшце зразумелі, з кім трэба размаўляць, і гэтак далей. Тут ёсць і пытанне самапавагі, якое таксама вельмі важнае", — падкрэсліў дарадца прэзідэнта.

Нагадаем, што пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл заявіў, што беларускія калійныя ўгнаенні маглі б быць вельмі карыснымі для ЗША і павінны ісці транзітам праз Літву.

Коўл выказаў надзею, што Літва пагодзіцца правесці двухбаковую сустрэчу з Беларуссю на ўзроўні намеснікаў міністраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі