Турэцкі інвестар не будзе адмаўляцца ад прэтэнзій да Валерыя Цапкалы

30/06/2020 - 19:07

Турэцкі бізнесовец Седат Ігдзеджы не будзе адмаўляцца ад прэтэнзій да Валерыя Цапкалы, нягледзячы на тое, што ЦВК здымае палітыка з выбараў. Ён пацвярджае, што падаў заяву на экс-старшыню ПВТ у пракуратуру. І што ў гэтай заяве ён пералічыў факты з асабістага жыцця Цапкалы.

— Ён сышоў з Беларусі? З Беларусі ён сышоў? Калі з'едзе з з краіны — я не займаюся ім. Калі ён больш не будзе тут жыць, дык я яго не чапаю. Адразу ж заўтра забяру сваю заяву, — адказаў Ігдзеджы на пытанне Еўрарадыё пра тое, ці дасягнутая цяпер мэта, з якой ён выстаўляў абвінавачанні супраць палітыка.

Увечары 30 чэрвеня стала вядома, што залічана толькі 75 тысяч подпісаў за вылучэнне Цапкалы з 220 тысяч, якія сабрала яго ініцыятыўная група. Фактычна гэта азначае, што з Цэнтрвыбаркама з'явіліся падставы не рэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты.

Напярэдадні ў тэлеграм-канале "Папаратар", блізкім да беларускіх сілавых структур, з'явілася копія заявы, якую Ігдзеджы нібыта перадаў у пракуратуру. У апублікаваным дакуменце Валерый Цапкала абвінавачваецца ў хабарніцтве і недобрасумленных адносінах з кампаніямі Седата Ігдзеджы. Таксама там утрымліваюцца правакацыйныя падрабязнасці з асабістага жыцця Цапкалы.

Заява Ігдзеджы была перададзеная ў МУС, ведамства пачало праверку.

Падчас перадвыбарчай кампаніі Валерый Цапкала жорстка крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку. Той у адказ намякаў на тое, што нешта нячыста з прычынамі сыходу Цапкалы з ПВТ і з будаўніцтвам дом палітыка ў Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі