Трава і дрэвы замест новай дарогі. Як мінчукі адстаялі свой двор

28/08/2018 - 13:30

У двары шматпавярховага дома №15 па вуліцы Кульман у Мінску з’явіўся новы газон. Замест яго тут мусілі быць разваротныя пляцоўкі для спецтэхнікі, але жыхары пачалі змагацца з “мадэрнізацыяй” тэрыторыі, якую задумалі ўлады Савецкага раёна Мінска. І дабіліся поспеху. З двара знікла спецтэхніка, а супраць будаўнікоў была распачатая адміністрацыйная справа.

“Працы спыненыя, чыноўнікі заціхарыліся. Да таго ж, пачалі адміністрацыйны працэс супраць падрадчыка, які пры правядзенні прац нанёс урон урадліваму слою зямлі, пашкодзіў газон і карнявую сістэму дрэваў, — распавядае адна з абаронцаў двара, яго жыхарка Інэса Барысевіч. — У спешным парадку яны аднавілі газон, засеялі, днём і ўначы гэты газон выраўноўвалі. Так, гэта вынік нашай барацьбы. Але невядома, чым скончыцца справа супраць падрадчыка. Яшчэ на мінулым тыдні тут хадзіла камісія з “Зелянбуда” і Мінпрыроды”.

Цяпер у двары прыбіраюцца смецце і сляды працы будаўнікоў

Гісторыя пачалася ўвосень 2017-га, калі старэйшых па пад’ездах выклікалі ў адміністрацыю раёна і паказалі план добраўпарадкавання двара. Жыхары катэгарычна не пагадзіліся з тым, што замест парка, які быў высаджаны імі ўласнаручна сорак гадоў таму, з’явяцца сцежкі, новыя паркоўкі, месцы з кантэйнерамі для асобнага збору смецця і разваротныя пляцоўкі для смеццевозаў. Але тады ўлады не хацелі нічога чуць, і адказвалі, што ўсё робіцца згодна з нормамі.

Калі сёлета ля першых чатырох пад'ездаў дома пачалася высечка, людзі пачалі класціся пад бульдозеры, тэлефанаваць чыноўнікам, пісаць скаргі ў адміністрацыю прэзідэнта і пракуратуру. Жыхары іншых пад'ездаў, бачачы паваленыя дрэвы, горы друзу і тратуарный пліткі, бензапілы і самазвалы, пачалі пікетаваць будаўнічую пляцоўку.

Супрацьстаянне жыхароў і чыноўнікаў цягнулася месяц. Адміністрацыя раёна пачала спешна змяняць праект, нават запрасілі людзей пагутарыць у мясцовую ЖКГ. Размова была не з лёгкіх, але жыхары стаялі на сваім.

Га нэтым "апендыксе" мусілі стаяць кантэйнеры для асобнага збору смецця

Вынікам свайго змагання жыхары задаволеныя: спецтэхніка з’ехала, газон адноўлены на большай тэрыторыі двара. Дзе-нідзе ўзвышаюцца горы друзу — дарогу ўздоўж дома яшчэ даводзяць да ладу. Замест высечаных дрэваў з’явілася паркоўка, але, па словах жыхароў, у двары змяшчаецца не больш машын, чым можна было паставіць раней.

Цяпер жыхары чакаюць восені — спадзяюцца, што адміністрацыя Савецкага раёна Мінска, як і абяцала, пасадзіць тут 28 маладых дрэваў. Столькі было знішчана падрадчыкам падчас “мадэрнізацыі” двара.

Еўрарадыё працягвае сачыць за змаганнем мінчукоў за свой двор.

Новенькі газон
Па словах мясцовых, каб зрабіць гэтую паркоўку будаўнікі знішчылі 13 каштанаў і бяроз

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі