Топ-5: навіны 30 студзеня

30/01/2017 - 17:57

Бізнесмену Аляксандру Кныровічу працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай

Бізнесмену Аляксандру Кныровічу на дзесяць дзён працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай. 72 гадзіны, на якія мужчыну затрымалі першапачаткова, скончыліся яшчэ ў суботу ўначы. Пра гэта Еўрарадыё распавёў бацька прадпрымальніка Станіслаў Кныровіч.

Мужчына кантактуе з сынам праз адваката. Па яго словах, ужо адбыўся першы допыт Аляксандра Кныровіча ў якасці падазраванага. Але афіцыйныя абвінавачанні бізнесмену яшчэ не выставілі. 

Фота: tut.by

Запазычанасць Беларусі за расійскі газ дасягнула 550 млн долараў. Такую лічбу назваў журналістам віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч.

Пры гэтым Беларусь і Расія па-ранейшаму не могуць вырашыць спрэчку па пастаўках газу. Яна цягнецца з пачатку 2016 года. Расія настойвае на тым, што аплата павінна весціся ў адпаведнасці з кантрактам, а гэта 132 долары за тысячу кубоў газу. У сваю чаргу Беларусь лічыць, што плаціць трэба па справядлівым кошце, а гэта, на думку Мінска, амаль у 2 разы менш, чым хочуць расіяне.

Фота: nn.by

30 студзеня каля Міністэрства эканомікі адбыўся пікет індывідуальных прадпрымальнікаў. На яго сабралося каля двух дзясяткай чалавек, у тым ліку старшыня аб’ядання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка, а таксама ІП з Мінска і рэгіёнаў.

Справа ў тым, што ў гэты дзень у Міністэрстве эканомікі прайшло пасяджэнне працоўнай групы па пытаннях дзейнасці ІП.

Шумчанка падрыхтаваў да гэтай сустрэчы зварот да ўладаў. Ён патрабаваў зацвердзіць праект указа, распрацаваны "Перспектывай". У звароце сцвярджалася, што ўмовы працы ІП у Беларусі пастаянна пагаршаюцца, а гэта можа прывесці да масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне.

У Мінску пахавалі Аляксандра Ціхановіча. Народны артыст Беларусі памёр пасля цяжкай хваробы на 65-м годзе жыцця. Развітацца з ім прыйшлі тысячы людзей. Сярод іх былі чыноўнікі і дзяржаўныя дзеячы, а таксама паплечнікі ды калегі музыкі. 

Суд Мінска аштрафаваў апазіцыйнага актывіста Змітра Дашкевіча на 1150 рублёў (гэта амаль 600 долараў). Лідара "Маладога фронту"(арганізацыя зарэгістраваная ў Чэхіі) прызналі вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі.

Па словах Дашкевіча, яго затрымалі 31 снежня ў 23.30 каля дома. У навагоднюю ноч ён з паплечнікамі планаваў правесці акцыю ў цэнтры Мінску — сустрэць свята з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.

У судзе, які прайшоў без Дашкевіча, супраць яго сведчылі два міліцыянты. Яны заявілі, што актывіст адмаўляўся прайсці для разбіральніцтва ў аддзяленне, а таксама "ўпіраўся нагамі ды сядаў на зямлю".

Слухаць цалкам:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі