Топ-5: навіны 27 студзеня

27/01/2017 - 17:53

Лукашэнка: Па "справе Кныровіча" КДБ затрымаў 11 чалавек

КДБ Беларусі апублікаваў на сваім сайце падрабязнасці так званай “справы Кныровіча”, а таксама спіс затрыманых, у які патрапілі 11 чалавек.

Адзначаецца, што гэта прадстаўнікі камерцыйных структур, прадпрыемстваў ЖКГ і сферы энергетыкі. Па інфармацыі спецслужбаў, яны "арганізавалі карупцыйную сістэму паставак для дзяржаўных патрэбаў па завышаным кошце". Усе затрыманыя ўжо прызналі сваю віну.

З 26 студзеня “жыроўкі” для жыхароў сталіцы будуць налічваць па новых тарыфах. Адзін кубаметр вады цяпер каштуе 0,5301 рубля. А гэта на 90% больш, чым было дагэтуль. Такім чынам, у сярэднім плата за двухпакаёўку вырасце на 10 рублёў, але гэта калі норма вады не перабольшаная.

Пры гэтым, у “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы” запэўніваюць, што падаражанне “жыроўкі” мінчане адчуюць толькі ў сакавіку.

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Валерыя Малашку міністрам аховы здароўя. Дарэчы, да пятніцы чыноўнік займаў пасаду міністра працы. Прычым, гэтае ведамства ён узначальваў усяго 43 дні.

Новы міністр аховы здароўя нарадзіўся ў 1966 годзе ў Гродне. Ён скончыў Мінскі дзяржаўны медінстытут па спецыяльнасці "педыятрыя" і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай".

Міліцыя скончыла праверку па заяве аб абразе Аляксандра Лукашэнкі актывістам Руху “За свабоду” Дзянісам Рабянком і адмовілася распачынаць крымінальную справу. Адпаведны ліст прыйшоў Рабянку з Калінкавіцкага РАУС. Праўда, Дзяніс Рабянок упэўнены, гэта не азначае, што кропка ў яго справе пастаўленая канчаткова.

У судзе Гомеля прайшоў адміністрацыйны працэс супраць экс-міліцыянта Васіля Варушчанкі. За абразлівы каментар пра беларускую мову яго асудзілі на 230 рублёў штрафу.

Нагадаем, каментар Варушчанкі з'явіўся ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте". Пад апытанкай пра мовы былы міліцыянт напісаў: "Беларуская мова — гэта труп, які гніе, яго пара ўжо закапаць як мага глыбей. Так лічу".

Перад судом хлопец заявіў журналістам, што перагледзеў сваю пазіцыю, а той каментар лічыць глупствам.

Слухаць цалкам:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі