Times: Іспанію абвінавачваюць у здрадзе NATO за яе дапамогу Расіі

27/05/2016 - 09:28

Іспанію абвінавачваюць ў здрадзе сваім саюзнікам з NATO і Еўрасаюза з-за таго што Мадрыд дазваляе дзясяткам расійскіх караблёў і субмарынаў праходзіць дазапраўку на ваеннай базе ў Сеуце (Паўночная Афрыка) — а гэта менш за 30 кіламетраў ад базы каралеўскіх ВМС Вялікабрытаніі ў Гібралтары. Пра гэта паведамляе брытанскае выданне The Times.

Паводле звестак газеты з 2011 года Іспанія прымала прынамсі 57 расійскіх дэсантных і ваенных суднаў, а таксама падлодак, што выклікае асцярогі на абодвух баках Атлантыкі.

Па словах ваенных аналітыкаў, “расійскія караблі заходзяць у іспанскі порт так часта, што Сеуту можна назваць ці ні асноўнай расійскай базай у Міжземнамор’і”. У святле агрэсіўных дзеянняў Расіі на міжнароднай арэне, і ва Украіне ў прыватнасці, гэта правакуе абвінавачванні ў здрадзе Іспаніі інтарэсам NATO.

"Севераморск" — адзін з многіх расійскіх ваенна-марскіх суднаў, што праходзілі дазапраўку ў іспанскім анклаве Сеута ў Паўночнай Афрыцы. Фота: thetimes.co.uk/JUAN MIGUEL RUIZ RUEDA

Прадстаўнік кангрэсу ЗША Джо Пітс заяўляе, што дазвол Іспаніі на карыстанне сваім портам на поўначы Афрыкі караблям Расіі падрывае салідарнасць унутры Паўночна-атлантычнага альянсу. З-за гэтага сфера вайсковага ўплыву Крамля моцна пашырылася і цяпер галоўная задача NATO — абмежаваць гэты доступ.

Гатоўнасць Іспаніі дапамагаць руху ваенных сілаў Расіі можа быць і дэманстрацыяй мускулаў у спрэчцы за Гібралтар, піша The Times.

Апошні інцыдэнт адбыўся ў гэтым месяцы. Іспанскі патрульны катэр наблізіўся на небяспечную адлегласць да амерыканскай атамнай субмарыны, якая заходзіла ў порт. Гэта прымусіла прадстаўнікам брытанскіх ВМС зрабіць папераджальныя стрэлы ў паветра.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі