Узгадваем самых шчодрых дарыльшчыкаў
Канцэрн BMW заявіў, што не дарыў машыну Аляксандру Лукашэнку. Пра "падарунак" ён расказваў 19 студзеня падчас наведвання завода "БелДжы". І вось нямецкі вытворца аўтамабіляў абверг гэтую заяву.
Рэчы прэміум-класа кіраўніка Беларусі не раз траплялі ў аб'ектывы фота- і відэакамер. Але Tesla далёка не самы дарагі падарунак, які атрымліваў Лукашэнка. Як табе такое, Ілан Маск?
Еўрарадыё высоўвае свае версіі, хто быў таемным (для беларускага народа) Сантам Аляксандра Лукашэнкі.
Зайздроснікі ўжо даўно прыкмецілі любоў кіраўніка дзяржавы да аўтамабіляў маркі Mercedes-Benz. Але асобнага згадвання варты Mercedes-Maybach Pullman Guard. Такі лімузін з прэзідэнцкімі нумарамі быў заўважаны каля стадыёна "Дынама" падчас цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Базавая цана браніраванага "немца" — 1,4 мільёна долараў.
Магчыма, гэта падарунак ад Ола Кэленіуса, старшыні праўлення канцэрна Daimler AG і кіраўніка падраздзялення Mercedes-Benz Cars.
Rolls-Royce Phantom Coupe з такімі ж нумарамі быў заўважаны ў 2016 годзе. Цэны на "брытанца" ручной зборкі пачынаюцца ад 276 тысяч долараў і могуць даходзіць да 448 тысяч.
Яго імаверны дарыльшчык — Торстэн Мюлер-Отвас, кіраўнік кампаніі Rolls-Royce.
У 2009 годзе Лукашэнка наведаў пяты Літоўска-Беларускі эканамічны форум. На яго руцэ разглядзелі швейцарскі гадзіннік мадэлі Patek Philippe Calatrava ref. 5120J-001 коштам амаль 17 тысяч долараў.
Хутчэй за ўсё, іх даў панасіць Лукашэнку кіраўнік Patek Philippe Т'еры Стэрн.
У жніўні 2015 года на сустрэчы з працоўным калектывам аграрнага комплексу «Белавежскі» на Аляксандры Лукашэнку можна было заўважыць гадзіннік швейцарскага брэнду VACHERON CONSTANTIN лінейкі Geneve. Цана на такія мадэлі — ад 15 да 20 тысяч долараў.
Па ўсім відаць, знатаку швейцарскіх гадзіннікаў яго прэзентаваў Луі Ферла, кіраўнік кампаніі VACHERON CONSTANTIN.
12 лютага гэтага года Аляксандр Лукашэнка разам з Уладзімірам Пуціным наведаў Сочы. Па снезе кіраўнік Беларусі перасоўваўся на лыжах Volant коштам 2300 долараў.
Напэўна, лыжы — падарунак ад Хэйкі Такала, генеральнага дырэктара фінскай кампаніі Amer Sports, якой належыць брэнд Volant.
C 2014 года ў кабінеце можна заўважыць "яблычны" камп'ютар. Кошт iMac'a — ад 1500 да 3200 долараў.
Няўжо падарыў сам кіраўнік Apple Цім Кук?
"Яблычную" прадукцыю можна заўважыць і ў Колі Лукашэнкі. У 2010-м малодшы сын кіраўніка дзяржавы трапіў у кадр з трэцім айфонам. На той момант тэлефон каштаваў 600 долараў.
Стыў Джобс памёр ад анкалогіі ў 2011-м. Магчыма, менавіта заснавальнік Apple яшчэ паспеў пакласці пад ёлку Лукашэнку-малодшаму новенькі iPhone.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут