Сяргей Міхалок
Мінскі гарадскі суд агучыў завочны прысуд музыканту Сяргею Міхалку.
Лідару гуртоў "Ляпіс Трубяцкі", Brutto ды іншых праектаў прысудзілі чатыры гады папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і абразе Лукашэнкі.
Падставай для крымінальнай справы на Міхалка сталі публікацыі ў сацсетках яго праекта Brutto, зробленыя ў 2021-22 гадах. Маўляў, там ён апублікаваў "відэазапісы, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выяўленую ў непрыстойнай, у тым ліку ненарматыўнай форме маўленчага выказвання".
Таксама, як заявілі ў пракуратуры, у сакавіку 2022 года Міхалок апублікаваў у сваіх сацсетках "відэазапіс, у якім утрымліваецца негатыўная ацэнка груп асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікі праваахоўных органаў і вайскоўцы, якая па сваім змесце накіравана на ўзбуджэнне і распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці ў дачыненні да сацыяльнай групы, аб'яднанай па прыкмеце, сацыяльнай прыналежнасці".
Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра антываенныя ролікі, запісаныя Міхалком у першыя тыдні расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут