Суд над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым 30 ліпеня не аднавіўся

30/07/2021 - 08:29

30 ліпеня суд над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым не аднавіўся. Яго не прывезлі на працэс па стане здароўя, паведамляюць праваабаронцы.

Латыпава судзяць у судзе Савецкага раёна Мінска. У чацвер яму стала кепска, падняўся ціск. Укол, зроблены лекарам, не дапамог, таму яму выклікалі "хуткую". Лекары накіравалі Сцяпана Латыпава на дадатковае абследаванне. У выніку суд перанеслі на пятніцу, а палітвязня вярнулі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.

Сёння суддзя Аляксандр Воўк заявіў, што на працэс Латыпава не даставілі праз стан здароўя, аб чым маецца адпаведная даведка. Суд працягнецца ў панядзелак, 2 жніўня.

Сцяпана Латыпава затрымалі ў верасні 2020 года ў яго двары каля знакамітага мурала з "Дыджэямі Пераменаў" ў Мінску. Суд над ім пачаўся 1 чэрвеня 2021-га. Латыпаў у той дзень сказаў на працэсе пра катаванні, а потым паспрабаваў учыніць суіцыд — уваткнуў у горла асадку. Яго шпіталізавалі, а потым адпраўлялі на псіхіятрычную экспертызу. Згодна з заключэннем эксперта, Сцяпан Латыпаў псіхічнымі захворваннямі не пакутуе.

Палітвязня абвінавачваюць у "супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў", "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і ў "махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі