Віталь Драбышэўскі і Мікалай Лукашэнка / фота з Інстаграм-акаўнту Драбышэўскага
У Гомелі затрымалі Віталя Драбышэўскага — вядомага прыхільніка Лукашэнкі і Сталіна. Пра гэта даведалася выданне "Наша Ніва".
Нягледзячы на свае палітычныя сімпатыі Драбышэўскі канфліктуе з гомельскімі ўладамі. Праз гэта ён ужо страціў два бізнэсы — летнюю кавярню на Цэнтральным пляжы і забягалаўку "Пінта" каля базара (на ёй, дарэчы, вывешвалі вялізны банер з фатаздымкам Сталіна). Улады проста адмаўляліся працягваць дамову арэнды.
Цяпер чыноўнікі адмовіліся працягваць арэнду для кавярні "Лявада", якая належыць Драбышэўскаму. Установа змяшчае да 150 чалавек, там праводзяць вяселлі, дні нараджэння, карпаратывы ды выпускныя.
Каб выратаваць бізнес, Драбышэўскі каля тыдня таму запісаў відэа са зваротам да Лукашэнкі — запрасіў яго наведаць "Ляваду" да 26 кастрычніка (апошні дзень працы кавярні), каб "асабіста пераканацца ў беззаконні, якое адбываецца ў Гомелі з боку праваахоўных, кантралюючых органаў, мясцовых органаў улады".
Праз некалькі дзён пасля публікацыі відэа гомелец тэгнуў афіцыйныя акаўнты пракуратуры і міліцыі і папрасіў тэрмінова звязацца з ім, каб "пазбегнуць катастрофы". Неўзабаве ён напісаў, быццам з ім звязаліся са штабу МУС — і сам знік.
"Наша Ніва" піша, што Драбышэсўкага адправілі на "суткі", абвінаваціўшы ў "распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі". За кратамі ён прабудзе прыблізна да сярэдзіны кастрычніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут