Стратнае прадпрыемства падарыла амапаўцам мікрааўтобус

04/07/2024 - 11:55

Мікрааўтобус для амапаўцаў / t.me/uvdgomel/

Стратнае прадпрыемства — Тураўскі малочны камбінат — падарыла гомельскім амапаўцам мікрааўтобус, піша "Флагшток". Прымеркавалі гэтую акцыю да Дня незалежнасці РБ, які адзначаўся 3 ліпеня.

Мікрааўтобус беларускай вытворчасці, ён разлічаны на 16 чалавек, мае кандыцыянер. На ім амапаўцы будуць ездзіць на затрыманні, у тым ліку і за палітыку.

Валянцін Байко, член Савета Рэспублікі, праўладны бізнесмен, які з 2016-га мае кантрольны пакет акцый Тураўскага малочнага камбіната, кажа, што "рашэнне аб умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы прынята з улікам дзяржаўнай важнасці і грамадскай значнасці задач, якія выконваюцца байцамі АМАПа па забеспячэнні аховы грамадскага парадку і маёмаснай бяспекі грамадзян Гомельскай вобласці, якія ўзнікаюць на тэрыторыі прыгранічных раёнаў рызык".

Рашэнне аб набыцці аўтобуса для амапаўцаў прынялі на нядаўнім сходзе акцыянераў прадпрыемства. У публікацыі газеты аблвыканкама сцвярджаецца, што такі жэст — "паказальны прыклад, як паспяховае прадпрыемства клапоціцца аб праваахоўніках". Але Тураўскі малочны камбінат паспяховым ніяк не назавеш, ён знаходзіцца ў перадбанкрутным стане (чыстыя страты па выніках 2023 года склалі больш за 40 мільёнаў рублёў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі