Стала вядома, што Лукашэнка напісаў генсеку ААН

23/05/2022 - 09:31

Генсек Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш атрымаў ліст ад Аляксандра Лукашэнкі. На мінулым тыдні яго перадаў пастаянны прадстаўнік РБ пры ААН Валянцін Рыбакоў, а ў панядзелак БЕЛТА апублікавала тэкст.

У лісце Лукашэнка спрабуе пераканаць генсека ААН, што ўлады Беларусі не агрэсары. Для гэтага ён згадвае і колішнія перамовы ў Мінску па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, і першыя раўнды сёлетніх перамоваў, і шматлікія войны, якія перажыла наша краіна. Пра тое, што "на Беларусь рыхтаваўся напад", чамусьці на гэты раз згадана не было.

"Але мы і не здраднікі", — піша Аляксандр Лукашэнка. Відаць, так ён тлумачыць падтрымку дзеянняў Расіі.

Якія прапановы Лукашэнкі? Устрымацца ад паставак узбраенняў, ад інфармацыйных войнаў, "розных правакацый", "ад легалізацыі і накіравання наймітаў". Таксама ён запэўніў генсека ААН, што Беларусь "гатова да прамых сустрэч і іншых крокаў з тым, каб забяспечыць мір". Такім чынам, афіцыйны Мінск усё яшчэ спадзяецца на ролю міратворца. А яшчэ яму патрэбны "гарантыі нацыянальнай бяспекі Беларусі".

У лісце таксама напісана, што "Беларусь заклікае краіны свету аб'яднацца і не дапусціць перарастання рэгіянальнага канфлікту ў Еўропе ў паўнамаштабную сусветную вайну". А яшчэ Аляксандр Лукашэнка папярэджвае, што ААН "можа паўтарыць незайздросны лёс Лігі нацый".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі