Стала вядома, дзе працуюць сваякі Ліліі Лукашэнкі

10/09/2026 - 14:05

Злева направа: Уладзіслаў Гарусаў, Кірыл Гарусаў і Вікторыя Дзятлава (Лукашэнка) / інстаграм-акаўнт Кірыла Гарусава

Блізкія сваякі Ліліі Лукашэнка працуюць у бізнес-структурах, звязаных з Аляксандрам Зайцавым і сям'ёй Карычаў.

Швагер Ліліі Лукашэнкі Аляксандр Гарусаў служыў у КДБ, а цяпер працуе ў бізнесе Людмілы Няронскай. Цяпер журналісты-расследвальнікі "Бюро" вывучылі працоўную біяграфію ўсёй сям’і Гарусавых.

Сястра Ліліі Лукашэнкі Іна Гарусава пачынала працаваць у сістэме адукацыі. Але ў 2009 годзе яна перайшла на працу ў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце. Пасля гэтага яе працадаўцам запісаная вайсковая часць №08188, якую таксама звязваюць з ААЦ.

Старэйшы сын Гарусавых Кірыл у 2014 годзе пачаў працу ў кампаніі "Зомекс Інвестмент". Гэтая фірма ўваходзіла ў дывелаперскую групу Dana Holdings, звязаную з сербскім сямействам Карычаў. На момант працаўладкавання Кірылу было 17-18 гадоў.

Пазней кампанію перайменавалі ў "Эмірэйтс Блю Скай". Гарусаў у сваім профілі LinkedIn называў сябе намеснікам дырэктара гэтай фірмы, якая ў жніўні 2021 года трапіла ў "чорны спіс" ЗША.

У 2021 годзе Кірыл перайшоў у "Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд" – беларускую кампанію, якая займаецца будаўніцтвам "Паўночнага берага". Праект таксама звязваюць з сямействам Карычаў.

Ад траўня 2024 года пляменнік Ліліі Лукашэнка працуе ў фірме "Сцісхо", якая ўваходзіць у бізнес-імперыю Аляксандра Зайцава, набліжанага да Віктара Лукашэнкі. Кіруе кампаніяй "Сцісхо" Андрэй Чырко — былы вайсковец часці №08188, у якой працавала маці Кірыла Іна Гарусава.

Малодшы сын Аляксандра і Іны Уладзіслаў Гарусаў вучыўся на факультэце міжнародных адносінаў БДУ па спецыяльнасці "сусветная эканоміка". Ён гуляе ў хакейнай камандзе Віктара Лукашэнкі "Бастыён-2", трэнерам якой з'яўляецца Дзмітрый Баскаў.

У 2023 годзе ён уладкаваўся на сваю першую працу — у брэсцкую кампанію "ЗахадТрансЭкспедыцыя", якая ўваходзіць у бізнэс-імперыю Людмілы Няронскай. У лістападзе таго ж года перайшоў у мінскую фірму "Партнёрская праграма". У ліпені 2025-га яе перайменавалі ў "ЭфЭлЭс Компані". Цяпер яна набірае супрацоўніц і супрацоўнікаў для кліенцкай падтрымкі праектаў у сферы iGaming.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі