Спявачка, мастачка, танцор. Якія студэнты сядзелі побач з Лукашэнкам

20/03/2018 - 16:39

20 сакавіка на сустрэчы з творчай моладдзю Аляксандр Лукашэнка падарыў адной са студэнтак чарнільную асадку. Еўрарадыё вырашыла даведацца, каму пашанцавала атрымаць такі падарунак ад кіраўніка дзяржавы, і за якія заслугі студэнты мелі гонар сядзець каля Лукашэнкі цягам амаль чатырох гадзін.

Лізавеце Запека, якая цяпер будзе карыстацца прэзідэнцкай асадкай, 19 гадоў. У сталіцу яна прыехала з Бабруйска і вучыцца ў Беларускім дзяржаўным інстытуце культуры і мастацтваў. Акрамя таго, дзяўчына ўжо працуе выкладчыцай вакалу ў музычнай школе Jam.

Запека спявала ў мюзіклах Кіма Брэйтбурга “Казанова” і “Дуброўскі”, а таксама была бэк-вакалісткай Ірыны Дарафеевай. Дзяўчына любіць гісторыю – на цэнтралізаваным тэставанні па гісторыі Беларусі Лізавета Запека набрала 100 балаў.

Лізавета Запека. Фота gp.by

Нашмат менш вядома пра Валерыю Праслову, студэнтку Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава. Год таму дзяўчына ўдзельнічала ў конкурсе КрасаWEEK 2017 – намалявала аўтапартрэт і заняла 3 месца ў намінацыі “Жывапіс”. Таксама яна ўзяла спецыяльны прыз у гэтай жа намінацыі з працай “Імгненне”.

Валерыя Праслова. Фота са старонкі "Вконтакте"

У Еўрарадыё атрымалася адшукаць Сяргея Мікеля – напэўна, самага тытулаванага і таленавітага юнака з тых, якія апынуліся побач з Лукашэнкам.

У 2012-ым Сяргей стаў студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на курсе Валянціна Елізар'ева. Ужо ў 2013 годзе ён стаў выкладаць сучасныя танцы – у мінскім каледжы мастацтваў і ў студыі Smart Dance. За яго плячыма не адзін гран-пры, а ў 2016 годзе Сяргей правёў у БДАМ аўтарскі вечар сучаснай харэаграфіі “Анатомія танца”.

У сваёй біяграфіі на сайце smartdance.by хлопец пазначыў, што у 2016 годзе стаў стыпендыятам Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі, але Еўрарадыё не знайшло яго ў афіцыйных спісах.

Сяргей Мікель. Фота са старонкі "Вконтакте"

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі