Сядзіба ў Клецкім раёне / Спадчына
У Беларусі выкрэсліваюць аб’екты са спісу гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта сцвярджае тэлеграм-канал “Спадчына”, спасылаючыся на адпаведныя лісты ў мясцовыя выканкамы. У іх патрабуецца “адшукаць і падрыхтаваць дакументы на выключэнне непатрэбных дзяржаве помнікаў архітэктуры”.
“Спадчына” прыводзіць у прыклад загад Мінскага аблвыканкама падрыхтаваць дакументы для пазбаўлення ахоўнага статусу адразу сямі гістарычных аб'ектаў у Клецкім раёне да 10 жніўня 2026 года, а гэта — амаль выключна шляхецкія сядзібы.
Згодна з дакументам, чыноўнікі павінны тэрмінова скласці акты аб тым, што аб'екты страцілі сваю каштоўнасць, каб абгрунтаваць іх выключэнне з Дзяржаўнага спіса.
Сярод аб’ектаў на выключэнне — два помнікі 2-й катэгорыі (рэспубліканскага значэння): драўляны класіцыстычны палац Радзівілаў у Радзівілімонтах 1780-х гадоў, пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані, і фрагменты фальварка Вайніловічаў у Кунцаўшчыне.
Таксама пазбаўляюцца статусу 3-й катэгорыі сядзібныя комплексы ў Тучы, Галынцы, Лецяшыне, Цясноўцы і гістарычны вятрак у Шыйках, які летась разваліўся праз адсутнасць догляду.
— Такім чынам, Клецкі раён за адзін раз губляе дзве траціны сваёй сядзібна-паркавай спадчыны (6 з 9 аб'ектаў) і столькі ж — помнікаў рэспубліканскага значэння. Пры гэтым усе савецкія мемарыялы і брацкія магілы застаюцца ў Дзяржаўным спісе цалкам некранутымі, — звяртае ўвагу “Спадчына”.
Падобныя дзеянні ўжо адбываліся ў іншых раёнах краіны. Так, раней была знішчаная сядзіба Арліцкіх у Двор-Гомелі Полацкага раёна пасля ненадання ахоўнага статусу, а таксама палаца архібіскупа ў магілёўскім Пячэрску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут