— Гэта ўсё магнітныя буры ды ўспышкі на Сонцы, — час ад часу кажуць людзі, тлумачачы галаўны боль, скачкі ціску і раптоўную стомленасць. Але ці ёсць у гэтым хоць нейкая навуковая логіка, ці мы проста шукаем прычыну дрэннага самаадчування замест таго, каб схадзіць у паліклініку і здаць аналізы?
Каб разабрацца, Еўрарадыё звярнулася да папулярызатара навукі, навукоўца Сяргея Бесараба і доктара Маі Церакулавай, якія простымі словамі распавялі пра магнітныя буры, успышкі на Сонцы і іх уплыў на здароўе людзей.
— Уявім, што Сонца — гэта каструля з густой кіпячай аўсянкай, якая ўжо даварваецца, — прапануе простую аналогію Сяргей Бесараб. — У гэтай аўсянцы надзімаюцца бурбалкі. І калі раптам адна бурбалка ўздуецца і лопне, вакол разлятаюцца пырскі — прыкладна так можна ўявіць сабе сонечную ўспышку.
Як вада для нас бяспечная, як паветра бяспечнае — тое, што прыродай першапачаткова закладзена, нас не забівае. Гэта натуральнае асяроддзе чалавека.
Каб было яшчэ больш зразумела, суразмоўца Еўрарадыё прыводзіць для параўнання прыклад:
— Падчас МРТ чалавек знаходзіцца ў магнітным полі, якое ў дзясяткі тысяч разоў мацнейшае. І ніякіх прыкметных уплываў на здароўе пасля МРТ няма, калі гаворка не ідзе пра наяўнасць металу ў арганізме.
Калі мы хутка падымаемся ў хуткасным ліфце або ляцім на самалёце, змена ціску ў разы большая, чым пры гэтых ваганнях.
Паводле слоў Церакулавай, справа часцей за ўсё ў трывожнасці:
— Калі чалавек схільны да трывожнасці адносна свайго здароўя, да іпахондрыі, ён можа пачаць адчуваць сябе горш. Але з такімі праявамі трэба працаваць з псіхолагам, разбірацца ў прычыне трывожнасці, а не спісваць усё на магнітныя буры.
Трывожнасць узнікае першапачаткова, а далей чалавек проста знаходзіць, да чаго яе прыкласці. Начытаецца чагосьці ў інтэрнэце — і пачынае звязваць з гэтым сваё самаадчуванне. Але першапачатковая менавіта трывога.
Магнітныя буры выклікаюць збоі ў працы тэхнікі праз індукцыйныя токі і скажэнне сігналаў.
— Перш за ўсё цярпяць трансфарматары — у іх узнікаюць наведзеныя токі, яны пераграваюцца і могуць выходзіць са строю, — тлумачыць Сяргей Бесараб.
У 1989 годзе ў Квебеку праз магнітную буру горад застаўся без святла на 9 гадзін.
Падчас бур іанасфера “кіпіць”, сігналы спадарожнікаў скажоныя, навігатары могуць памыляцца на дзясяткі і сотні метраў. Цярпіць спадарожнікавы інтэрнэт: атмасфера раздуваецца, нізкаарбітальныя спадарожнікі тармозяцца і могуць згараць. У 2022 годзе было страчана каля 40 спадарожнікаў нават падчас адносна слабай буры.
Праблемы ўзнікаюць у кароткахвалёвікаў, пілотаў, маракоў — сувязь можа знікаць на гадзіны і суткі. А на вышыні павышаецца ўзровень радыяцыі, таму падчас моцнай сонечнай актыўнасці пералёты і высакагорныя паходы непажаданыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут