СМІ: Еўрасаюз да канца кастрычніка гатовы аслабіць санкцыі супраць Беларусі

09/10/2015 - 13:29

Еўрасаюз да канца кастрычніка гатовы аслабіць санкцыі супраць Беларусі ў адказ на вызваленне палітвязняў. Пра гэта заявіў высокапастаўлены прадстаўнік ЕС, аднак яго прозвішча не называецца.

"У камітэце па палітыцы і бяспецы абмяркоўвалася магчымасць аслабіць санкцыі супраць Беларусі, каб станоўча адрэагаваць на рашэнне ўладаў вызваліць палітычных зняволеных, ёсць кансенсус у гэтых адносінах, — цытуе яго словы РІА "Новости". — Фармальнае рашэнне яшчэ не прынятае. Яно будзе прынятае да канца кастрычніка".

Паводле гэтай жа ананімнай крыніцы, у панядзелак, 12 кастрычніка, кіраўніца дыпламатыі ЕС Федэрыка Магерыні праінфармуе кіраўнікоў МЗС краін-чальцоў Еўрасаюза пра выбары ў Беларусі. Яны, як вядома, пройдуць 11 кастрычніка.

Раней агенцтва Reuters са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы паведаміла, што ЕС можа прыпыніць дзеянне санкцый у дачыненні Беларусі на чатыры месяцы. З канца кастрычніка 2015 года да канца лютага 2016-га санкцыі прыпыняць у адносінах 140 асобаў, у тым ліку і Аляксандра Лукашэнкі. Аднак зроблена гэта будзе ў панядзелак, 12 кастрычніка, "у залежнасці ад дзеянняў Лукашэнкі падчас прэзідэнцкіх выбараў".

Фота: АР

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі