Следчыя выставілі абвінавачванне Андрэю Бяляўскаму, які захоўваў патрон

12/12/2017 - 12:35

Андрэю Бяляўскаму, на якога пачалі крымінальную справу за захоўванне патрона, выставілі афіцыйнае абвінавачанне. Яго вінавацяць па частцы 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу (Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.). Пра гэта піша праваабарончы сайт "Вясна" са спасылкай на самога Бяляўскага пасля допыту ў Следчым камітэце.

Максімальнае пакаранне, якое пагражае па гэтым артыкуле, — да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Як паведамлялася раней, Андрэй Бяляўскі — былы фігурант "справы Белага легіёна", якую Следчы камітэт нядаўна закрыў за нязначнасць парушэння. Падчас ператрусу ў яго знайшлі адзіны патрон, які доўгі час захоўваўся ў шафе ў якасці сувеніра. 

Сам Бяляўскі падчас допыту перадаў следчаму хадайніцтва пра спыненне крымінальнага пераследу. Ён папрасіў прызнаць, што яго ўчынак не ўяўляе грамадскай небяспекі і з'яўляецца юрыдычна нязначным. 

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу на тое, што патрон быў знойдзены ў рамках "справы Белага легіёна", а дзеянні абвінавачаных па гэтай справе былі прызнаныя юрыдычна нязначнымі. Таму лагічным, на яго думку, было б спыніць і следства супраць Бяляўскага. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі