Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы мастака Алеся Пушкіна

22/12/2021 - 09:39

Мастаку Алесю Пушкіну пагражае да 12 гадоў турмы. Яму выставілі абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 130 ("наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб") і арт. 370 ("здзек з дзяржаўных сімвалаў").

"Устаноўлена, што Пушкін выконваў і размяшчаў у адкрытым доступе партрэты памагатых нацысцкіх злачынцаў у вобразе беларускіх патрыётаў і гераічных асоб. Ім былі намаляваныя Міхаіл Вітушка — галоўны арганізатар мабільных атрадаў акупацыйнай дапаможнай паліцыі, якая дзейнічала ў тылавым раёне нямецкай групы армій "Цэнтр" на тэрыторыі акупаванай Беларусі, сфармаваных з ліку беларускіх нацыяналістаў, і Усевалад Родзька — бургамістр Віцебска, які супрацоўнічаў з фашыстамі і быў завербаваны Абверам", гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэта. 

Таксама згадваецца партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які Пушкін выстаўляў у Гродне. Менавіта гэтая карціна і стала нагодай для крымінальнай справы на мастака. "Публічна дэманстраваў партрэт Яўгена Жыхара, які з 1946 года ўзначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў. На працягу 9 гадоў яны ў Пастаўскім раёне здзяйснялі забойствы міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асоб, падпалы адміністрацыйных будынкаў і дыверсіі на чыгунцы. Абвінавачаны ў сваім выступе назваў памагатага нацыстаў беларускім патрыётам і яркім прадстаўніком беларускага антысавецкага супраціву", — піша прэс-служба СК.

Пушкіна таксама вінавацяць у шматгадовай злачыннай дзейнасці. Прыгадалі яму нават перформанс 1999 года, калі мастак прывёз да Адміністрацыі прэзідэнта тачку гною ў якасці падарунку. Да гэтага факту прывязалі перформанс, які Пушкін паказаў ва Украіне.

"Ён на пастаяннай аснове ўдзельнічаў у незаконных акцыях і адчуваючы ўсёдазволенасць наздзекаваўся з дзяржаўных сімвалаў. Свае дзеянні абвінавачаны, як і ў 1999 годзе запісаў на камеру, але жадаючы пазбегнуць адказнасці здзяйсняў свае злачынныя дзеянні на тэрыторыі Украіны. /.../ Сам Пушкін ахарактарызаваў свае дзеянні, звязаныя з апаганеннем дзяржаўнай сімволікі, як "перфоманс" "Падарунак прэзідэнту", — пералічвае прэс-служба СК.

Расследаванне крымінальнай справы на мастака завершанае. Матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі