Вучоныя прыдумалі замяняльнік рыбы і хочуць гэтым карміць школьнікаў / pixabay.com
Беларускія вучоныя прыдумалі мяса-раслінны камбінаваны прадукт, які можа замяніць рыбу. Ім плануюць карміць школьнікаў — дзеці не ядуць рыбу, і дзяржава “знайшла выхад”. Пра гэта распавяла прадстаўніца НАН Беларусі Наталля Камарова.
Хімік Сяргей Бесараб растлумачыў, чаму гэта дрэнная ідэя.
Харчовая каштоўнасць прадукту вызначаецца, між іншым, біядаступнасцю — ступенню засваення арганізмам. Карысныя рэчывы ў натуральнай рыбе знаходзяцца ў складанай, сінэргетычнай сістэме.
Напрыклад, селен у рыбе працуе сінэргетычна з амега-3 тлустымі кіслотамі, абараняючы іх ад акіслення і павышаючы засваенне ёду. Таксама біядаступнасць жалеза і цынку з жывёльных крыніц значна вышэйшая, чым з раслінных.
Зрабіць такі далікатны эфект у штучна сабранай матрыцы з ізаляваных бялкоў, тлушчаў, вітамінаў і мінералаў — немагчыма на цяперашнім узроўні развіцця тэхналогій і харчовай хіміі.
Рыба — гэта “залаты стандарт” тлустых кіслот доўгай ланцуговай структуры амега-3, жыццёва неабходных для развіцця мозгу і нервовай сістэмы дзіцяці.
Раслінныя аналагі амега-3 не даюць таго ж эфекту, што натуральныя — у арганізме чалавека яны амаль не ператвараюцца ў карысныя формы.
Дадаванне некаторых мікраводарасцяў магло б крыху палепшыць сітуацыю, але сабраць з іх дакладны профіль і стабілізаваць такую кампазіцыю — надзвычай складаная задача. Усе падобныя сурагаты ў свеце змяшчаюць амега-3 толькі ў слядовых колькасцях.
З пункту гледжання дзіцячай дыеталогіі — гэта вар’яцтва. Замест цэльных і мінімальна апрацаваных прадуктаў уводзіцца нізкакаштоўны сурагат.
Мяса-раслінны прадукт, які змяшчае бялкі з розных крыніц, мае вельмі складаны алергенны профіль, што шматразова павялічвае рызыку непрадбачаных алергічных рэакцый.
Складаная шматстайная апрацоўка сыравіны (тэрмічная, механічная і інш.) прыводзіць да ўтварэння пабочных таксінаў.
Увядзенне ў харчовы рацыён дзяцей ультраперапрацаваных сурагатаў наносіць доўгатэрміновую шкоду фармаванню здаровых харчовых звычак.
Сяргей Бесараб прапануе не шукаць заменнікі, а працаваць з натуральнымі прадуктамі — дапамагаць дзецям пераадольваць натуральную для ўзросту боязь новай ежы праз асветніцкія праграмы, дэгустацыі, разнастайныя спосабы прыгатавання рыбы.
У Беларусі ж атрымліваецца замкнёнае кола: “калі табе нешта не падабаецца — мы дамо табе сурагат-імітацыю”.
Такі падыход абмяжоўвае харчовы кругагляд дзіцяці і скажона фарміруе яго ўспрыманне ежы. Дзіця, якое харчуецца толькі эрзацамі, страчвае сувязь з сапраўднай ежай, не ведае, як яна выглядае, пахне і якая на смак.
Адчужэнне ад натуральнай ежы — гэта адчужэнне ад чалавечай культуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут