На галоўнай сцэне “Мова Фэсту” прайшла вялікая дыскусія пра нацыянальную ідэю для Беларусі. Яе мадэравалі рэдактар Еўрарадыё Зміцер Лукашук і яго сувядоўца ў праграме “Ідэя Х” Максім Гаруноў. Паспрачацца сабраліся людзі з абсалютна рознымі поглядамі і бэкграўндам: дэпутат Палаты прадстаўнікоў дыпламат Валерый Варанецкі, актывістка Задзіночання беларускіх студэнтаў Алана Гебрэмарыям, кіраўнік Інстытута прыватызацыі і менеджменту Павел Данейка, шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў, медыяменеджар Франак Вячорка.
Вось як яны адказвалі на пытанні пра беларускую нацыянальную ідэю.
Валерый Варанецкі: Беларусь павінна быць найлепшым месцам для жыцця, творчасці і працы. Найлепшым месцам для ўсіх, хто тут жыве. Сваімі талентамі, розумам мы павінны стварыць нашу Беларусь. І каб нашы дзеці разумелі, што Беларусь — найлепшае месца для жыцця.
Франак Вячорка: Беларуская ідэя — гэта секс. Гэта супрацьлегласць усяму савецкаму, замшэламу і гнілому. Нездарма мастакоў прыцягвала Беларусь. Гэта было крута — належаць да Віцебскай школы мастакоў! Беларуская мова, прыналежнасць да тусовак, да “Арт Сядзібы”, удзел у “Мова Фэсце” — гэта адзнака якасці. Гэта павінна лічыцца крутым! Беларускае павінна быць не агрэсіўным, а крутым і шчырым. Усё залежыць ад нас. Давайце будзем беларусамі штодня, а не толькі 21 лютага.
Алана Гебрэмарыям: Нам трэба імкнуцца да таго, каб Беларусь была сканцэнтраванай на высокатэхналагічных інавацыях, каб мы спрыялі іх з’яўленню. Каб у цэнтры ўсяго была моладзь, бо яна рухавік грамадства. Патрэбная падтрымка, бо моладзь развіваецца, яна будзе фарміраваць краіну. І апошняе — не забываць сваёй спадчыны. Быць сапраўднымі беларусамі: шанаваць гісторыю і размаўляць на беларускай мове.
Павел Данейка: Мяне прыцягвае самастойнасць і неімітацыйнасць мыслення некаторых груп людзей у бізнесе. І гэта нас вельмі адрознівае ад суседзяў. Няма аўтарытэтаў. Уласная ідэя, уласны падыход!
Віталь Гуркоў: Беларусь — суперкласная краіна. Усе яе лічаць суперкласнай, акрамя беларусаў. І мне хацелася б, каб мы гэта змянілі. Трэба папросту перастаць скардзіцца і пачаць дзейнічаць.
Віталь Гуркоў: Мне здаецца, што беларуская нацыя ўтварылася, існавала, разбурылася і цяпер адраджаецца.
Павел Данейка: Мы ў працэсе завяршэння фарміравання нацыі. Калі я маю рацыю, то ў найбліжэйшыя пяць гадоў будзе маса цікавых рэчаў. Беларусы, у адрозненне ад навакольных, не імітуюць пошук рашэнняў. У нашым бізнесе і мастацтве пачынаецца пошук уласных ідэй.
Мы пачалі фарміравацца, як і літоўцы, у канцы XIX стагоддзя. У 1920-я беларуская мова была галоўнай, але ідэя ВКЛ дэмакратам была чужая. Потым, у 1950-х, пачалося дамінаванне рускай мовы. А потым адраджэнне беларускай мовы і фарміраванне бачання сябе як нацыі. Фарміраванне завяршаецца, таму што ў 1993 годзе — менш за 20% цвёрдых прыхільнікаў незалежнасці Беларусі. А цяпер гэта 70%! У хуткім часе нас чакае пасіянарнасць.
Валерый Варанецкі: Мы, беларусы, маем вялікую багатую гісторыю развіцця нашай дзяржаўнасці. І толькі саспелая нацыя можа стварыць сваю дзяржаву. Беларуская нацыя ёсць — ёсць і дзяржава.
Алана Гебрэмарыям: Нацыя існавала і будзе існаваць. Але я лічу нас неаб’яднанай нацыяй. Мы ў працэсе, ёсць пад’ём любові да беларускай культуры, мовы, традыцый. Але ўсё яшчэ недастаткова! Няма адзінай нацыянальнай ідэі, мы толькі да яе ідзём.
Франак Вячорка: Нацыятворчасць — гэта бясконцы працэс, пастаянная барацьба розных ідэй. Цяпер мы ў моманце, калі беларушчына бярэ рэванш. Былі пэўныя працэсы беларусізацыі: у пачатку XX стагоддзя, у 1990-х гадах. А потым вялізны адыход назад — дэбеларусізацыя.
Беларуская нацыя фарміруецца не толькі на падзеях, на канцэртах, у інтэрнэце, а яшчэ і ў школах. У 1920-я фактычна цэлае пакаленне атрымала адукацыю па-беларуску, даведалася пра сваіх герояў, свае газеты. Тое, што мы назіраем сёння тут, гэта вельмі добры знак, што прасторы беларушчыны адваяваныя. І будзе момант, будзе дасягнуты пункт, пасля якога няма дарогі назад. Калі асноўная частка эліт, насельніцтва прыме гэтыя каштоўнасці, ідэі, традыцыі, мову. Расіяне, постсавецкія наменклатурнікі не змогуць адкруціць працэс.
Валерый Варанецкі: Вядома, ідэя патрэбная заўсёды. І я хачу звярнуць увагу ўсіх на тое, што беларуская зямля была здабытая нашымі продкамі. Гэта здарылася не 20, не 100, не 500 гадоў таму. Яшчэ раней нашы продкі здабылі гэтую зямлю і адбудавалі на ёй свой дом. Для жыцця не толькі свайго, але і іх дзяцей, унукаў і нашчадкаў. Яны перадалі нам гэтую спадчыну. Дзякуючы ім мы маем свой дом — Рэспубліку Беларусь. І можам жыць па сваіх законах, на падмурку сваіх нацыянальных каштоўнасцяў. Жыць у адпаведнасці з духоўнымі каштоўнасцямі.
Беларускі народ вельмі таленавіты, разумны. Так шмат па ўсім свеце жыве дзеячаў, якія нарадзіліся тут! Нам пад сілу стварыць краіну — Рэспубліку Беларусь — як найлепшае месца для жыцця, для творчасці і для працы. На глебе тых каштоўнасцяў, якія нам пакінулі нашыя продкі. Хачу, каб тыя, хто раз’ехаўся, моладзь з задавальненнем вярталіся ў Беларусь, таму што гэта найлепшае месца. Гэта іх Радзіма.
Франак Вячорка: Мы — народ. Мы — нацыя. Мы з вамі тут гаворым па-беларуску. Але тыя людзі, якія прымаюць рашэнні, якім дадзены мандат, яны не займаюцца абаронай Беларусі.
Віталь Гуркоў: Здаецца, гэта актуальна. Па колькасці наведвальнікаў “Мова Фэсту” гэта ўжо відаць. Калі кожны з нас для сябе ўнутры нешта сфармулюе — кропельку беларускай ідэі, на сваім прыкладзе, дык мы пойдзем вельмі хутка да агульнай мэты, да распаўсюджвання беларускасці. Мне будзе вельмі сорамна, калі людзі не пачуюць беларускую мову. Я думаю, што ідэя павінна быць — каб быць на сваёй зямлі, каб рабіць сваю справу, тую, якую сапраўды любіш. Каб паказваць сваім прыкладам, што ўсё магчыма.
Павел Данейка: Трэба ўсведамленне сябе, усведамленне, што значыць быць беларусам. Беларусь, Украіна і Расія ў пачатку 1990-х былі вельмі падобныя. А цяпер як быццам фотаздымак праяўляецца: усе тыя фундаментальныя рысы, што былі закладзеныя, набываюць выразныя абрысы. Але ўсе яны круцяцца вакол цэнтральнай каштоўнасці — давер паміж людзьмі. Я як эканаміст кажу, што існуе пэўная карэляцыя паміж ВУП і даверам у грамадстве. Калі людзі не ўмеюць разам дзейнічаць для дасягнення мэт, багатай краіна ніколі не будзе. І яна ніколі сябе да канца не адрэфлексуе.
Над намі вісіць спадчына таталітарызму. Недавер узнікае з-за таго, што таталітарызм — гэта грамадзянская вайна. Ёсць дрэнныя і добрыя, ёсць нашы і не нашы. І няма адзінай нацыі. Нам пара заканчваць гэтую грамадзянскую вайну. У краіне няма тых, хто супраць незалежнасці. У нас ёсць платформа для пабудовы дыялогаў і фарміравання наступнага ўзроўню даверу ў грамадстве.
Валерый Варанецкі: Для кансалідацыі нацыі і бізнесу вельмі важна мець простую і ясную нацыянальную ідэю. Таму што мы павінны разумець, што мы ў нашым адзіным беларускім доме. І для любога бізнесу вельмі важна разумець, што ты ў гэтай сям’і. Калі ты патрыёт гэтай сям’і, ты будзеш паводзіць сябе зусім інакш. Калі ў сям’і ёсць павага, давер і адказнасць, кожны з нас будзе несці ўсё ў сям’ю. Гэта значыць — у нашу краіну, нашу нацыю. А калі гэтага няма, дык кожны будзе шукаць свайго шчасця па-за межамі сваёй сям’і. Менавіта нацыянальная ідэя мае вырашальную ролю для фарміравання палітычнай сістэмы, у якой ствараюцца ўмовы для развіцця нацыянальнага бізнесу. Нацыянальная дзяржава падтрымае нацыянальны бізнес, і наадварот.
Алана Гебрэмарыям: Толькі на каштоўнасцях мы не можам палепшыць жыццё, выключна любові не хопіць. І тут мы гаворым пра палітычны боль дзяржавы. Калі не створаны нармальныя ўмовы для развіцця грамадства, тады і грамадства нармальна развівацца не будзе. Патрэбна воля дзяржавы для дыялогу. Трэба, каб улада і апазіцыя ішлі насустрач адна адной. Нам трэба яднацца. У стварэнне нацыянальнай ідэі мусіць укласціся кожны, бо, калі ты не робіш гэтага, ты не можаш быць часткай грамадства.
Франак Вячорка: Беларуская нацыя не будзе існаваць без свабоды. Пакуль улада будзе біць сваіх жа людзей: “Моладзевы блок”, ЗБС, “Арт Сядзібу”, — мы не збудуем беларускай нацыі. Акрамя базавага набору гістарычных каштоўнасцяў, мовы, павінны быць дэмакратыя і свабода. Пакуль не будзе разумення, што свабода і дэмакратыя для нас важныя, дыялогу не будзе.
Віталь Гуркоў: Спачатку трэба зрабіць моцную, самастойную, незалежную краіну. А пасля цэнтралізавана рабіць усё астатняе. Шмат падлеткаў і дзяцей не ведаюць, нашто ім увогуле беларуская мова. А вось калі б без ведання беларускай мовы немагчыма было атрымаць вышэйшую адукацыю, усё было б адразу ясна.
Валерый Варанецкі: У гісторыі мы неаднойчы звярталіся па дапамогу да іншых народаў. І ніколі не стаяла пытанне, бо беларускі народ і сам гасцінны, талерантны. Гэта ўсё мы павінны захаваць. Па-першае, ідэя павінна гучаць на беларускай мове. А таксама павінна гучаць на татарскай, ідыш і на рускай, вельмі выразна. Каб прадстаўнікі іншых народаў паважалі нашу гісторыю, культуру. І разумелі, што мы адна сям’я. Мы павінны паважаць адно аднаго.
Віталь Гуркоў: Незалежнасць, моцная дзяржава павінны будавацца не на беларускай, рускай, татарскай мовах, а на мове дабрыні, узаемапавагі. Усё астатняе дадасца само.