"Санкцыі ўдараць па ўсіх". Эканаміст — пра будучыя страты беларусаў

29/06/2021 - 19:01
Як санкцыі ўдараць па беларусах? Ці хопіць уладзе рэсурсаў на сваіх прыхільнікаў? Ці дапаможа Мінску Крэмль?

Увядзенне Еўрасаюзам сектаральных санкцый стала новай старонкай ва ўзаемаадносінах паміж Мінскам і Брусэлем. Хоць бы таму, што такія санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўжытыя ўпершыню.

Ці можна пралічыць, колькі Беларусь страціць ад заходніх санкцый? Ці магчыма кампенсаваць гэтыя страты? Па кім перш за ўсё ўдараць санкцыі: па шараговых беларусах або па рэжыме? На гэтыя і іншыя пытанні ў стрыме Еўрарадыё адказвае доктар эканамічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі.

Як санкцыі ўдараць па простых беларусах і ці толькі па іх?

– Хутчэй за ўсё, санкцыі ўдараць па ўсіх. Іншая рэч, якая тут альтэрнатыва: жахлівы канец або жах без канца. Наўрад ці ў 2021 годзе ў цэнтры Еўропы можна стварыць эканоміку, якая будзе расці нягледзячы на такія базавыя рэчы, як правы чалавека, недатыкальнасць жыцця і свабоды. Такія прыклады ў гісторыі былі: Паўднёвая Карэя, Сінгапур. У гісторыі былі і прасветленыя манархі, што станоўча ўплывалі на эканоміку сваіх краін. Але па статыстыцы гэта вельмі рэдкія падзеі.

Нават калі б санкцыі не ўвялі, беларуская эканоміка ў 2020 годзе не пачала б прырост па 5% у год. Яшчэ да пачатку палітычнага крызісу і развалу асноўных інстытутаў, важных для эканомікі, сярэдні тэмп росту беларускай эканомікі за апошнія 10 гадоў складаў 1,1% за год. Павелічэнне крызісу, рост недаверу да ўлады, пагаршэнне спажывецкіх настрояў, пагаршэнне бізнес-кан'юнктуры, змяншэнне даверу да Нацбанку – наўрад ці б нас і без санкцый чакаў рост.

Наколькі ўладзе хопіць рэсурсаў для "падзякі" сваім прыхільнікам?

– Аплата лаяльнасці да ўлады – адносная каштоўнасць. У Венесуэле вайскоўцам выдаюць прэмію туалетнай паперай, але яны ўсё яшчэ схільныя праяўляць лаяльнасць, бо ў іншых грамадзян праблемы з туалетнай паперай. Нават калі сярэдняя зарплата ў Беларусі ўпадзе да $100 у месяц, але шараговану байцу АМАПа будуць плаціць $250 – гэта будзе прыкметна менш, чым цяпер, але значна больш, чым у іншых.

Ці гатовая Расія дадаткова падтрымаць Беларусь грашыма?

– Вядома, у цэлым расійская эканоміка значна большая за беларускую. Пры жаданні Расія можа ўзяць на сябе бюджэт Беларусі. Але колькі ў расіян такога жадання? Наколькі моцныя асабістыя адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным? Сёлета яны правялі шмат сустрэч, а Лукашэнка не сустракаецца з лідарамі іншых краін. Але вынікам гэтых сустрэч становяцца супярэчлівыя пасылы. Пуцін заўсёды падтрымлівае Лукашэнку на словах, але выдаў толькі рэфінансаванне $1,5 млрд.

Ці чакаць падпісання ўсіх дарожных карт аб інтэграцыі з Расіяй?

– Навіну пра хуткае падпісанне дарожных карт мы чулі ўжо шмат разоў. Змяняецца толькі колькасць карт, якія засталося падпісаць. Інтэграцыя Беларусі і Расіі робіцца больш інтэнсіўнай, але наколькі яна блізкая да завяршэння, мы не ведаем. Я чуў, што адна з карт – уніфікацыя тэлефонных сістэм і адмена роўмінгу. Лагічна, бо ў нас вялікі паток людзей паміж краінамі. Гэта простая карта, але да гэтага часу не зацверджаная нават яна.

Ці працягваецца адток дэпазітаў? Ці магчымая прымусовая канвертацыя рахункаў?

– З самага пачатку палітычнага крызісу мы назіраем адток дэпазітаў і даларызацыю. Апошнім часам адток дэпазітаў запаволіўся. Тут важныя юрыдычныя асобы: яны падпарадкоўваюцца крыху іншым законам і не могуць захоўваць грошы пад падушкай. Сітуацыя з ліквіднасцю ў банкаўскай сферы складаная. Гэта відаць па аўкцыёнах Нацбанка, які выдае банкам у 10 разоў менш, чым тыя просяць. Сціскаюцца пакеты крэдытаў і інвестыцый. Але банкаўская сфера падстроілася. Пакуль што ў нас не было падставы сумнявацца ў праўдзівасці справаздач Нацбанка.

У гісторыі сусветнай эканомікі здараліся прымусовыя канвертацыі рахункаў. Звычайна гэта адбываецца за два дні да дэфолту, калі эканамічнае становішча ў краіне робіцца зусім ахавым. Проста цяпер у Беларусі эканоміка яшчэ не такая дрэнная: рэзервы у Нацбанка ёсць. Але ніхто не гарантуе беларусам захаванасць іх укладаў у поўным аб'ёме і валюце ўкладу. Заканадаўства дазваляе правесці прымусовае канвертаванне рахункаў – тут пытанне ў палітычна-эканамічнай мэтазгоднасці.

Поўны запіс эфіру з Львом Львоўскім глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі