Еўрасаюз вітае еўрапейскія памкненні Украіны. Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай па выніках нефармальнага саміту ЕС, які прайшоў 10 сакавіка ў французскім Версалі.
Еўрапейскія лідары заяўляюць, што агрэсія Расіі супраць Украіны была несправакаванай і неабгрунтаванай. Усю адказнасць яны ўскладаюць на Расію і Беларусь.
"Несправакаваная і неабгрунтаваная ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны груба парушае міжнароднае права і прынцыпы Статута ААН, падрывае еўрапейскую і глабальную бяспеку і стабільнасць. Яна прычыняе невымоўныя пакуты ўкраінскаму насельніцтву. Расія і яе саўдзельніца Беларусь нясуць поўную адказнасць за гэтую агрэсіўную вайну, і вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці за свае злачынствы", — гаворыцца ў супольнай заяве.
Аўтары дакумента вітаюць пастанову пракурора Міжнароднага крымінальнага суда пачаць расследаванне злачынстваў Расіі ва Украіне. Яны заклікаюць РФ неадкладна спыніць баявыя дзеянні і вывесці ўсе войскі.
ЕС абяцае Украіне "скаардынаваную палітычную, фінансавую, матэрыяльную і гуманітарную падтрымку". Таксама краіны ЕС абяцаюць дапамагчы аднаўленню Украіны пасля вайны.
Некалькі дзён таму Украіна падала заяўку на ступленне ў Еўрасаюз і папрасіла разгледзець яе па паскоранай працэдуры. У сваёй заяве ЕС не дае прамога адказу наконт прыняцця Украіны ў свае шэрагі, але прызнае "еўрапейскія памкненні і еўрапейскі выбар Украіны, як паказана ў Пагадненні аб асацыяцыі".
Еўрапейскі Савет прапанаваў Еўракамісіі агучыць сваё меркаванне наконт гэтай заявы ў адпаведнасці з дамовамі. "У чаканні гэтага і без прамаруджання мы будзем яшчэ больш умацоўваць нашы сувязі і паглыбляць наша партнёрства, каб падтрымаць Украіну ў яе руху па еўрапейскім шляху. Украіна — частка нашай еўрапейскай сям'і", — падкрэсліваецца ў заяве.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў гэтае рашэнне гістарычным. На яго думку, ЕС ухваліў уступленне Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут